У Мінску адбылася сустрэча з Міхалам Ягелам

У Мінску адбылася сустрэча з Міхалам Ягелам


Сустрэча з польскім пісьменнікам Міхалам Ягелам у рамах месяцу польскай літаратуры ў Мінску, нягледзячы на жалобу па загінулых у выніку тэракта 11-га красавіка, усё ж адбылася.

Празаік, эсэіст, публіцыст і паэт Міхал Ягела прадставіў публіцы сваю новую кнігу “Народы i нацыянальнасці. Вандроўка па кнігах”, зазначыўшы, што тэма вечару настолькі сур’ёзная і актуальная, што ніяк не мусіць сапсаваць агульны настрой жалобы. Усім сэрцам смуткую разам з усімі беларусамі, кажа Міхал Ягела.

- Я ўдзячны міністэрству культуры за тое, што яно дало дазвол на правядзенне гэтай прэзентацыі ў такі дзень. Я вельмі перажываю трагедыю, якая адбылася з беларускім народам, але такая сур’ёзная тэма, як міжнародныя адносіны ніякім чынам не з’яўляецца забавай. Такая размова не парушыла настрою сённяшняга дня.

Міхал Ягела, як і большасць прысутных на сустрэчы чытачоў, застаўся задаволены спатканнем, дзе былі абмеркаваныя розныя стаўленні да пытання ўзаемаадносін палякаў, беларусаў, літоўцаў ды расіян. Аўтар выказаў надзею, што прэзентаваная ім кніга будзе перакладзеная на беларускую мову і стане дасяжнай для шырокага кола беларускіх чытачоў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя