А. Вашкевіч: Гродна і Беласток маюць шмат супольнага

А. Вашкевіч: Гродна і Беласток маюць шмат супольнага


Сустрэча з Андрэем Вашкевічам, беларускім гісторыкам з Гродна, прайшла ў Падляшскай біблятэцы. Выступіў ён з лекцыяй пра ахову гродзенскіх каштоўнасцяў.

Распавёў пра акцыі, арганізаваныя жыхарамі Гродна, якія не згаджаюцца з палітыкай уладаў - нішчэння каштоўных будынкаў. Прэзентаваны былі архіўныя фотаздымкі з розных гадоў. На іх відаць будынкі, якія былі разбураны ад пачатку 2000 года. Ад гэтага часу ў Гродне было зруйнавана больш за 30 каштоўнасцяў. Прысутныя маглі даведацца таксама аб гісторыі кантактаў Гродна і Беластока. Паводле Вашкевіча, няма нідзе ў Еўропе двух так падобных гарадоў, у якіх людзі так мала ведаюць аб супольнай гісторыі.

- Гродна і Беласток падобныя ва ўсіх сэнсах. Безумоўна, гісторыяй сваёй падобны. І блізкасцю сваёй культурнай падобны. Падобныя тым, што знаходзяцца вельмі блізка адзін да аднаго, хаця, канешне, падзелены мяжой паміж сабой. Гэтая мяжа фактычна апошнія 50-60 гадоў усё ж такі працуе, каб зрабіць нас адрознымі адзін ад другога. Але, мне здаецца, што сёння мы пачынаем рабіць марудныя крокі, каб гэтыя падабенствы ўзмацняць.

У другой частцы свайго выступу Вашкевіч расказаў пра Элізу Ажэшку і яе жыццё ў Гродне. Паказаў фотаздымкі, на якіх відаць месцы, звязаны з выдатнай гродзенскай пісьменніцай. Андрэй Вашкевіч з'яўляецца выпускнікам Гродзенскага ўніверсітэта. Працуе ў Музею гісторыі і археалогіі. Напісаў некалькі дзясяткаў артыкулаў пра гісторыю Беларусі. Аўтар кніг аб ваколіцах Гродна. Сустрэча адбылася ў рамках “літаратурных серадаў”, арганізаваных Падляшскай біблятэкай.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя