У Мінску прайшла прэзентацыя 9-га нумару часопіса «Паміж»

У Мінску прайшла прэзентацыя 9-га нумару часопіса «Паміж»


Дзявяты нумар літаратурнага часопіса «Паміж», дзе друкуюцца творы маладых літаратараў, навучэнцаў беларускага калегіюма, прэзентаваны ў Мінску.

Незусім перыядычнае выданне выходзіць досыць рэдка і на падрыхтоўку дзявятага нумару «Паміж», прысвечанага тэме крызіса ва ўсіх яго паняццях, пайшло досыць шмат часу, кажа сябра рэдакцыйнай рады часопіса Наталля Давыдоўская:

- Праца ішла дастаткова мурудна таму, што цэлы год быў адведзены на вёрстку, на выдавецтва. Гэты нумар быў гатовы фактычна ў маі мінулага году. Чаму там крызіс? Таму, што мы палічылі, што гэта самы натуральны стан у чалавека і грамадства. І толькі ў крызісе, ў страце падмурку, з’яўляецца патэнцыял для творчасці, магчымасць праявіць сябе і адбыцца.

Прэзентацыя часопіса адбылася ў кнігарні выдавецтва «Логвінаў» у Мінску, дзе свае творы прадставілі аўтары новага нумару выдання, сярод якіх Юлія Цімафеева, Кірыла Дубоўскі, Павел Анціпаў, Міхал Бараноўскі, Ірыны Барысевіч ды іншыя.

* * *

Сёння навучэнцы Беларускага калегіюму прэзентуюць 9-ты нумар часопіса «Паміж».

Прадстаўленыя ў новым нумары проза Кірыла Дубоўскага, Паўла Анціпава, філасофскае эсэ Вольгі Ціхановіч, паэзія Насты Манцэвіч, Ірыны Барысевіч, Міхаіла Бараноўскага, пераклады з Ціма Пірса, Германа Гесэ ды шматлікія іншыя творы прысвечаныя тэме крызісу: фінансавага, творчага, эмацыйнага, ды любога іншага, на які толькі здольны чалавек. Выданне з’яўляецца адной з нешматлікіх пляцовак, дзе маладыя беларускія літаратары могуць прэзентаваць сваю творчасць, кажа сябра рэдакцыйнай рады часопіса «Паміж» Паліна Маслянкова.

- «Паміж» - гэта выпускны праект навучэнцаў калегіум, ён з’яўляецца стартавай пляцоўкай дла літаратурных дасягненняў студэтнаў і таму ён мае канешне вельмі вялікае значэнне для пачаткоўцаў у літаратуры, але таксама і для тых хто цікавіцца дыскурсам беларускай культуры.

На прэзентацыйнай вечарыне маладыя літаратары прадставяць свае творы ў жывых чытаннях. Акрамя таго кіраўнікі Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч уручаць дыпломы выпускнікам навучальнай установы. Адбудзецца ж прэзентацыя сёння а 19:00 у кнігарні "ЛогвінаЎ" у Мінску.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя