У Мінску сустрэліся з польскім пісьменнікам І. Карповічам

У Мінску сустрэліся з польскім пісьменнікам І. Карповічам


Працягваюцца сустрэчы з польскімі літаратарамі ў рамах месяцу польскай літаратуры ў Мінску, які праводзіцца сумеснымі намаганнямі Польскага інстытута і кнігарні выдавецтва «Логвінаў».

Чарговае спатканне адбылося з маладзёвым польскім пісьменнікам Ігнацыем Карповічам, які адказаў на пытанні мінскіх чытачоў і прэзентаваў свой бесцэллер «Balladyna i romance», урыўкі з якога былі прачытаныя ў арыгінале самім аўтарам і ў перакладзе на беларускую мову Марыяй Мартысевіч.

- Уласна гэтага аўтара і гэты твор мне было перакладаць лёгка і прыемна, твор не такі лёгкі, як здаецца на слых, Ігнацы напісаў такі ф’южэн, хоць дзеянні адбываюцца над Польшчай і ў Польшчы, мне здаецца, што гэтыя тэмы будуць блізкія беларускаму чытачу і ў выпадку, калі твор будзе перакладзены, канечне, мае шанец знайсці свайго чытача ў Беларусі.

Сам Ігнацый Карповіч быў уражаны сустрэчай з беларусамі, зазначыўшы, што беларускія чытачы вельмі жывая публіка і сустрэча прайшла не дарэмна. Наступным польскім літаратарам, які ў рамах месяцу польскай літаратуры наведае Мінск, стане Міхал Ягела. Публіцыст і пісьменнік прэзентуе сваю кнігу пад назовам «Народы і нацыянальнасці. Вандроўка па кнігах». Адбудзецца сустрэча 13 красавіка ў кнігарні выдавецтва «Логвінаў».

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя