|
|
Віктар Сямашка прэзентаваў сваю другую кнігу вершаў
Сёння ў мінскай краме "Падземка" адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка "ReRa" музыкі, паэта і радыёжурналіста Віктара Сямашкі. Гэта ўжо яго другая кніга. У 2006 годзе ён дэбютаваў з кнігай "Марыя S."
Рэдактарам новага зборніка з'яўляецца паэт і сааўтар па розных літаратурна-музычных супольных праектах Віктар Жыбуль, які на прэзентацыі выступіў апошнім, так бы мовіць, падвёўшы рысу пад мерапрыемствам:
- Як рэдактар і адзін з першых чытачоў атрымаў вялікае задавальненне ад гэтых усіх асацыяцый, гукаспалучэнняў, вобразаў, якімі напоўнена кніжка. Сказаў, што Віктар Сямашка музыка гурта інтуітыўнай імправізацыі "Князь Мышкін" і такім чынам, вось гэты музычны кірунак наклаў пэўны адбітак на ягоную паэзію. То бок нейкія рысы інтуітыўнай імправізацыі ў ягоных вершах ёсць таксама.
Тэксты для другой кнігі Віктар Сямашка напісаў пераважна ў другой палове 2008-га падчас вандроўкі на Лагойшчыну. Зборнік вырашыў назваць "ReRa", паводле беларускага дыялектнага слоўца. "Рэра" значыць неахайны чалавек. Абедзве свае кніжкі аўтар выдаў выключна на ўласныя сродкі.