![]() |
![]() |
Прысвячаецца рэпрэсаваным беларускім літаратарам
Невялікім накладам выйшаў на кампакт-дыску ўнікальны літартатурна-музычны праект «Ноч з днём пасярэдзіне». Вядомыя паэты Віктар Жыбуль і Вера Бурлак чытаюць вершы і тэксты беларускіх пісьменнікаў 20-х гадоў пад музыку гурта «Князь Мышкін».
Рэліз прысвечаны рэпрэсаваным беларускім літаратарам. Як паведаміў Віктар Жыбуль, праца над праектам пачалася яшчэ ў 2009 годзе, а сам запіс гадзіннай дэкламацыі пад музыку адбыўся летась:
- Гэты праект уяўляе сабой два дыскі - на адным з іх запісана наша канцэртная праграма з "Князем Мышкіным" "Ноч з днём пасярэдзіне". Гэта праграма складзеная паводле тэкстаў беларускіх аўтараў 20-х гадоў, якія мы з Верай Бурлак чытаем пад музыку.
У кампазіцыі скарыстаныя тэксты Адама Бабарэкі, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Алеся Дудара ды іншых рэпрэсаваных пісьменнікаў 20-х гадоў. Выдаўцом рэлізу выступіў аўтар музыкі да праекта «Ноч з днём пасярэдзіне», музыка гурта «Князь Мышкін» Віктар Сямашка, які таксама распрацаваў эскіз вокладкі гэтага праекту.