Пабачыла свет кніга Язэпа Найдзюка па гісторыі Беларусі

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя
9.10.2010


Кніга “Пазнайма гісторыю беларускага народу” аўтарства Язэпа Найдзюка выдала Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку. Як адзначае доктар навук Лена Глагоўская, доўгія гады кніга, прысвечаная беларускай гісторыі, не магла пабачыць свет.

Па словах Лены Глагоўскай, якая вярнула рукапіс кнігі з небыцця, цікавай з’яўляецца не толькі сама кніга, напісаная з пункту гледжання беларускіх незалежніцкіх пазіцый у часы камуністычнай Польшчы, але і яе лёс:

– Язэп Найдзюк паспеў яе напісаць перад сваёй смерцю. Яна павінна была быць выдадзена беларускім незалежным выдавецтвам, якое падпольна існавала ў пачатку 80-х гадоў. На яе збіралі грошы сярод беларускай іміграцыі. Аднак тады гэтая кніга не пабачыла свету і засталася ў машынапісах, напісаных яшчэ пад кальку, і праляжала так фактычна да канца 90-х гадоў.

Арыгінальнае выданне, напісанае беларускай лацінкай, выйшла невялікім накладам у 300 асобнікаў, і стала трэцяй кнігай Язэпа Найдзюка па гісторыі Беларусі. Першыя два выданні пад назвай “Беларусь учора і сёння” пабачылі свет яшчэ ў далёкія саракавыя гады.

Даведка: Нарадзіўся Язэп Найдзюк недалёка Ваўкавыска ў 1909 годзе. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя быў вядучым беларускім друкаром у Вільні, грамадскім дзеячам, палітычным вязнем Картуз-Бярозы. У гады вайны працаваў у Мінску. Займаўся паліграфічнай дзейнасцю. Быў намеснікам чальца Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы.

Калі да беларускай сталіцы набліжаюцца савецкія войскі, Найдзюк пакідае Мінск і пераязджае ў Польшчу, мяняе прозвішча на Юзэф Александровіч і спыняецца ў горадзе Інаўроцлаў. Працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-х, быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя