А.Лянкевіч: Фотаздымак узнікае ў галаве, а не перад вачыма

А.Лянкевіч: Фотаздымак узнікае ў галаве, а не перад вачыма


У Цэнтры імя Людвіка Заменгафа ў Беластоку пачне працаваць выстава Андрэя Лянкевіча «Паганства». На адкрыцці выстаўкі аўтар прадставіць і аднайменную кнігу.

2 красавіка ў Цэнтры прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах адкрыецца другая выстаўка гэтага аўтара – «Беларусы ў Польшчы».

Для мяне важна, што здымкі «Беларусы ў Польшчы» будуць выстаўляцца там, дзе я іх рабіў на Падляшшы – фактычна гэта ўсё, што можа даць фатограф: вярнуць забраную энергію людзям, якія табе даверыліся і прысвяцілі свой час, – сказаў Андрэй Лянкевіч.

РР: Гэтая энергія, пра якую кажаш, якую забіраеш у людзей, калі фатаграфуеш – гэта што?

– Цяжка расказаць, што гэта за энергія. Ты забіраеш у людзей час, забіраеш іхнія думкі, ты забіраеш тое, што можаш забраць як фатограф, а вярнуць ты можаш толькі надрукаваны фотаздымак або выставу, на якой чалавек можа паглядзець тое, што зрабіў фатограф... Калісьці ў сваім жыцці я зразумеў, што калі ты фатаграфуеш чалавека, ніколі не можна прадбачыць як будзе выглядаць ягоны фотаздымак. З аднаго боку гэта самы вялікі сюрпрыз, а з іншага – гэта падарунак, які ты можаш зрабіць чалавек, з якім даводзіцца размаўляць і фатаграфаваць. Фотаздымак гэта толькі вынік доўгай працы, размоў, падрыхтовак...

РР: Ёсць людзі фотагенічныя і нефотагенічныя. Ці ў фатографаў ёсць нейкія сакрэты як зрабіць нават нефотагенічных людзей прыгожымі на здымку?

– Я б не сказаў, што ў мяне вялікі досвед як фатографа, але я магу сказаць дакладна – фотаздымак знаходзіцца ў галаве ў фатографа, а не перад яго вачыма. Як мне здаецца, я ў гэтым ужо шмат-шмат разоў пераконваўся ў сваім жыцці – ад чалавека мала што залежыць, на жаль...

РР: Гэтая серыя фотаздымкаў «Беларусы ў Польшчы» – якімі ты іх убачыў у фотааб’ектыве, якімі яны прадсталі перад табой?

– З аднаго боку гэта можна пабачыць на фотаздымках, таму што яны знаходзяцца ўглыбі самога кадру, іх атачае тая прастора, якую цяпер мы бачым хаця б з акна Радыё Рацыя. Яны, як мне падалося, пад ціскам таго атачэння, у якім жывуць, яно іх цісне – гэта суб’ектыўна, але мне так менавіта падалося. Я тут не так і шмат працаваў, бо толькі паўгода, ды не з усімі паразмаўляў з кім бы мне хацелася. Сваю працу аднак давёў я да нейкага лагічнага выніку...

Цалкам гутарку слухайце ў прыкладзеным аўдыёфайле.

Źródło: Беларускае Радыё Рацыя