Міхась Андрасюк презентаваў у Мінску сваю польскамоўную кнігу

Міхась Андрасюк презентаваў у Мінску сваю польскамоўную кнігу


У Мінску распачаўся месяц польскай літаратуры, цягам якога беларускія чытачы пазнаёмяцца з лепшымі польскімі аўтарамі. Першым адбылося спатканне з пісьменнікам з Беласточыны, які піша як па-беларуску, так і па-польску, Міхасём Адрасюком.

Міхась Андрасюк падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:

- Я не спадзяваўся, што так шмат людзей прыйдзе, што так шмат людзей зацікавіцца і маёй асобай, як аўтара, і польскай літаратурай, або, як я сказаў бы пра сябе, беларускай літаратурай на польскай мове. Сустрэй тут шмат сваіх знаёмых і сяброў, але таксама бачыў і новыя твары. Вельмі прыемна.

Марына Шода, перакладчыца, якая перадкладала ўрыўкі з польскамоўнай кнігі Міхася Андрасюка "Wagon drugiej klasy":

- Я вельмі шаную гэтага пісьменніка і люблю ягоныя беларускія творы, але калі здарылася нагода прачытаць польскамоўныя творы, я засталася ў яшчэ большым захапленні. Упэўненая, што аўтар мог сам перакласці свой твор з пэўным поспехам на беларускую мову. Але паколькі мяне папрасілі перакласці некалькі ўрыўкаў для гэтага мерапрыемства, я адразу скарысталася гэтай магчымасцю. Было не проста. Бо калі ведаеш, што аўтар добра ведае мову, на якую перакладаеш, і сам можа нечаму цябе навучыць, бо мова ў Андрасюка цікавая, і можа зрабіць табе заўвагу, то робіцца трошкі так вусьцішна.

Цягам усяго красавіка кожную сераду ў кнігарні “Логвінаў” у Мінску беларускія чытачы будуць мець магчымасць знаёміцца з польскімі пісьменнікамі, сустрэчы з якімі пройдуць у рамах месяца польскай літаратуры. Наступнае спатканне будзе наладжана з Ігнацыем Карповічам 6 красавіка.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя