![]() |
![]() |
Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі святкуе 30-годдзе
У маі адбудзецца юбілейны 30-ы Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі. Гэта адзін з нешматлікіх фестываляў царкоўнай музыкі, які абапіраецца не толькі на традыцыі, але і прычыняецца да развіцця сучаснай музыкі.
Фестываль адбудзецца 24-29 мая ў Падляшскай оперы і філармоніі у Беластоку і ў Палацу Браніцкіх. Мікола Бушко, яго стваральнік і дырэктар, стаў сённяшнім госцем нашага радыё.
Гутарыў Мікола Ваўранюк.
- У маі пройдзе юбілейны 30 фестываль, але хутчэй яшчэ вы будзеце адзначаць, думаю таксама важную гадавіну, а менавіта 15-годдзе фонду “Царкоўная музыка”, фонду які арганізуе фестываль, але не толькі фестываль.
- Так, сапраўды, 3 красавіка споўніцца 15 гадоў калі ў бюро гайнаўскага натарыуса, я падпісаў дакумент аб стварэнні фонду “Царкоўная музыка”. Пакуль ён пачаў дзейнічаць трэба было ўкласці шмат працы, так як і да гэтай пары. І таму я хачу нагадаць людзей, дзякуючы якім, фонд быў створаны, я маю на ўвазе перш за ўсё Ірэну Парфенюк, ці тагачаснага дырэктара банку Яна Ціхадолу, ці юрыста спадара Клімюка, ці ўраджэнца Гайнаўшчыны варшаўскага суддзю Віктара Васілюка, якія дапамаглі арганізаваць усе дакументы, а што тычыцца суддзі Васілюка, то ён дапамог пры даволі складаным працэсе рэестрацыі фонда ў адзіным тады ў Польшчы судзе ў Варшаве. Дарэчы прыходзілася ездзіць некалькі разоў і нарэшце мы гэты фонд зарэестравалі. Чаму якраз 15 год таму з’явіўся фонд “Царкоўная музыка” - гэта была неабходнасць, бо змяніліся тады прынцыпы фінансавання мастацкіх мерапрыемстваў і Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі стаяў пад пагрозай ліквідацыі. Мы праз многія гады дзякуючы прыхільнасці і зычлівасці тагачаснага дырэктара банка ў Гайнаўцы мелі нефармальны рахунак, на якім збіралі грошы на фестываль. Прыйшоў час, што гэта ўсё трэба было неяк удакладняць з юрыдычнага боку і банк проста скасаваў тыя ўмовы і трэба было шукаць іншага выхаду. Галоўны наш спонсар, якім з’яўлялася Міністэрства культуры і мастацтва ў Варшаве, ні ў якім выпадку не дафінансоўвала самаўрадавых інстытуцыяў культуры, якім з’яўляўся Гайнаўскі дом культуры, якім я больш 20 гадоў кіраваў, дарэчы, які таксама прышлося ствараць. Адзінай сцежкай, якая дазваляла збіраць сродкі на арганізацыю фестывалю былі пазаўрадавыя арганізацыі. І ў нас паўстала пытанне ці адчыняць таварыства ці адчыняць фонд, пасля многіх намаганняў юрысты нам дарадзілі адчыніць фонд, калі хочам зрабіць гэта вельмі хутка, а такая патрэба была, бо набліжаўся фестываль, з аднаго боку прыціскаў банк, з другога міністэрства і многія другія спонсары казалі, што трэба гэтую праблему рашыць. Гэта было 15 гадоў таму і, думаю, за гэты час фонд апраўдаўся. Я не маю ніякіх сумненняў, што каб не ўдалося тады адкрыць фонд, не было бы фестывалю.
- Фонд быў створаны на патрэбу фестывалю, дзеля фестывалю, але вы ў сваёй дзейнасці не абмяжоўваецеся толькі фестывалем, а праводзіце яшчэ шэраг іншых мерапрыемстваў.
- Гэта праўда, хаця я яшчэ вярнуся да фонду, чаму ён носіць такую назву, можна сказаць, што яна не самая найлепшая, гэта не праўда, што якраз назва царкоўная музыка адкрывае ў Польшчы сэрцы ўсіх, гэта праўда, што адкрывае многа зычлівасці, але таксама гэта праўда, што яна насцярожвае многія асяроддзі, для якіх царква і царкоўная музыка гэта нешта чужое, часамі гавораць, што царква гэта спадчына разбораў Польшчы. Але хачу сказаць, што калі я адкрываў фонд, я інфармаваў аб гэтым і тагачаснага метрапаліта Васілія, і мэра горада і цяперашняга метрапаліта Саву, які мне сказаў, што фондаў многа можна адкрыць, справа ў тым каб ён дзейнічаў. Ён сапраўды намаганнямі многіх-многіх людзей дзейнічаў і дзейнічае.
- Якія імпрэзы апрача фестывалю царкоўнай музыкі вы робіце?
- Мы вядзем дзейнасць у 2 напрамках, гэта духоўны напрамак (фестывалі, іншыя канцэрты, выдывецкая дзейнасць, арганізацыя і ўдзельніцтва ў аглядзе калядных калектываў), і свецкі – гэта арганізацыя такіх мерапрыемстваў, як белавежскае “Ператоча”, Белавежскія сустрэчы з арыяй, Беларускія дні сакральнай музыкі, сустрэчы з выдатнымі людзі з розных сфер.
- Паколькі ўжо набліжаецца фестываль царкоўнай музыкі напомнім нашым слухачам калі фестываль і што цікавага рыхтуеце на юбілейна фестываль.
- Фестываль адбудзецца ў Беластоку, гэта непаўторны фестываль перш за ўсё таму, што ён 30-ты, таму што ў ім прымуць удзел самыя найлепшыя калектывы з многіх краін свету. Фестываль гэта нагода паказаць самых лепшых выканаўцаў, самых адважных выканаўцаў, магчыма, што гэта адзіны фестываль, дзе выступаюць прафесіянальныя хоры.
Цалкам гутарку слухайце ў гукавым файле.