![]() |
![]() |
Вітаўт Мартыненка выдаў новую кнігу “Rock on-line”
Музычны журналіст, крытык і рок-паэт Вітаўт Мартыненка выдаў новую кнігу пад назваю “Rock on-line”. Дадзенае выданне з’яўляецца трэцім творам аўтара прысвечаным беларускай музыцы.
У 1989-м годзе ў ЗША свет пабачыла першая кніга Мартыненкі “Праз рок-прызму”, а ў 2006-м годзе, ужо ў Беларусі, была выдадзеная кніга “222 альбомы беларускага року”. Кніга “Rock on-line” у пэўнай ступені была гатовая да выдання ўжо ў 2007-м годзе. Пераадолеўшы ўсе перашкоды, новы твор нарэшце прэзентаваны публіцы, кажа Вітаўт Мартыненка.
- Мы жывём у краіне нестандартнай, пра яе гэтая кніга, пра беларускую музыку, пра тое, як жывуць беларускія музыкі, як праводзяцца канцэрты, як хіт-парады арганізоўваюцца, і вось гэтыя парадоксы асветленыя ў гэтай кнізе, гэта ў прынцыпе дэтэктыў, пражыты асабіста і выплеснуты.
На мінскай прэзентацыі новага выдання прысутнічалі беларускія літаратары, журналісты, а таксама адзін з герояў кнігі – музыка гурта “P.L.A.N.” Андрэй Плясанаў і маладыя музыкі з гурта “Мутнае вока”. Кніга Вітаўта Мартыненкі “Rock on-line”, выдадзеная невялікім першапачатковым накладам у 500 асобнікаў, будзе распаўсюджвацца праз Таварыства беларускай мовы ў Мінску, на канцэртных пляцоўках пасля рок-канцэртаў ды самім аўтарам.