![]() |
![]() |
Пра асобу Лукаша Дзекуць-Малея гутарылі ў Крынках
Постаць педагога, перакладчыка, місіянера, беларускага грамадскага і рэлігійнага дзеяча Лукаша Дзекуць-Малея стала тэмай сустрэчы ў Крынках. Мерапрыемства, арганізаванае аб'яднаннем "Тэра Інкогніта", прайшло ў публічнай бібліятэцы і сабрала шмат гасцей.
Па словах старшыні аб'яднання Асі Чабан, тэма чарговай сустрэчы "З забытых старонак гісторыі Крынак", абраная невыпадкова:
– Мы імкнемся арганізоўваць сустрэчы перш за ўсё звязаныя з гісторыяй, культурай і традыцыямі Крынак. Крынкі адыгрывалі вялікую ролю ў перыядзе існавання БНР.
Лукаш Дзекуць-Малей, які ў 1918 годзе стварыў у Крынках беларускую школу, па словах доктара Лены Глагоўскай, праяўляў вялікую актыўнасць на беларускай ніве, найперш у адміністратыўна-дзяржаўніцкім сэнсе. Навуковец звяртае ўвагу і на тое, што менавіта Дзекуць-Малей пераклаў на беларускую мову Евангелле:
– Веруючы ў Бога і лічачы, што ён проста заслужыць нечым перад Богам, вырашыў, што ў тых умовах, у якіх ён не можа проста працаваць для беларусаў, будзе хаця б перакладаць Святое пісанне для беларусаў, не падпісываць нават нідзе сваім прозвішчам, даваць проста людзям. Ён піша, што ў гэтай трагічнай сітуацыі, у якой апынуўся наш народ, адзінае выратаванне – гэта выдаць Святое пісанне для нашага народу.
Лукаш Дзекуць-Малей памёр і пахаваны ў Гданьску, дзе жыў пасля Другой сусветнай вайны. Цяпер адна з вуліц горада названая ў яго гонар.