![]() |
![]() |
Беларускі паэт В.Рыжкоў выдаў дэбютную кнігу вершаў
Малады беларускі паэт Віталь Рыжкоў выдаў дэбютную кнігу вершаў «Дзверы, замкнёныя на ключы».
Варта заўважыць, што як для дэбютанта, то на творчым шляху Віталя шмат дасягненняў – апроч публікацый у разнастайных выданнях, як, напрыклад, часопісы «Маладосць» і «Дзеяслоў», малады паэт з'яўляецца фіналістам конкурсаў Беларускага ПЭН цэнтру да стагоддзя газэты «Наша Ніва» ў 2006-м годзе, конкурсу імя Карласа Шэрмана ў 2009 годзе, пераможцам украінскага слэм-фэстывалю «Березневі Коти-4», уладальнікам прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» 2008-га году, удзельнікам шматлікіх літаратурных фестываляў ды імпрэз. Дэбютная кніга не з’яўляецца ўваходам у беларускую літаратуру, а ўяўляе сабой пэўную справаздачу за некалькі год літаратурнай дзейнасці. Кажа сам аўтар выдання Віталь Рыжкоў:
- Можа быць гэта не сціпла, я не адчуваю нейкіх адмысловых ураджанняў ад таго, што гэта дэбют, бо першая мая кніга магла з’явіцца некалькі гадоў таму і праз тое, што ўжо некалькі гадоў выступаеш, перамагаеш, у нейкіх конкурсах бярэш удзел, адчуванні змазаныя крышачку.
Кніга Віталя Рыжкова, вядомага публіцы па яскравых жывых выступленнях, мае ў сваім дадатку плыту, дзе аўтар чытае свае вершы пад музычнае аздабленне, зробленае з дапамогай паэта і гукарэжысэра Дзмітрыя Дзмітрыева. Сама ж кніга “Дзверы, замкнёныя на ключы” змяшчае як лепшыя з уласных твораў Віталя Рыжкова, напісаных за апошнія гады, так і мастацкія пераклады замежных аўтараў.