Вяртанне Адама Бабарэкі

Вяртанне Адама Бабарэкі


Гэтымі днямі ў Мінску пабачыў свет збор твораў легендарнага крытыка літаратурнага аб'яднання «Узвышша» Адама Бабарэкі ў двух тамах. Укладальнікам кніг выступіў даследчык беларускай літаратуры 20-30 гадоў мінулага стагоддзя Віктар Жыбуль.

Агульны аб'ём двух тамоў скаладае каля паўтары тысячы старонак.  Першы том аб'яднаў усю літаратурна-крытычную спадчыну Бабарэкі, у другі том патрапілі яго літаратурныя творы, дзённікавыя запісы і эпісталярная спадчына. Як кажа Віктар Жыбуль, першы том усё адно атрымаўся больш аб'ёмным.

- Калі глядзець змест абодвух гэтых тамоў, то там, у прынцыпе, большасць матэрыялаў публікуецца ўпершыню. На што я асабліва б звярнуў увагу - у другім томе нямала розных дзённікавых нататак, лістоў Адама Бабарэкі перыяду высылкі. Бо раней лічылася, што Бабарэка спыніў літаратуную дзейнасць пасля першага арышту.

Адам Бабарэка быў арыштаваны ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Быў асуджаны да 5 гадоў ссылкі. Паўторна пісьменніка арыштавалі ў 1937 годзе​, пасля чаго ён атрымаў ужо 10 гадоў зняволення. Праз год легендарны крытык «Узвышша» памёр у лагернай бальніцы. Дзякуючы сваякам быў уратаваны архіў Адама Бабарэкі, які зараз захоўваецца ў музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя