![]() |
![]() |
Сваю 86-ю гадавіну з дня нараджэння адзначае вядомы паэт з Беласточчыны, аўтар твораў і для дарослых, і для дзяцей Віктар Швед. Паважаны паэт стаў сённяшнім госцем нашага радыё.
Гутарыць Мікола Ваўранюк.
- Гурт Ilo&Friends выконвае песню, звязаную з атамнай тэматыкай, якая, на жаль, стала актуальнай у апошнія дні, калі чуем весткі з Японіі, ці памятаеце калі вы напісалі гэты верш?
- Я напісаў, можна сказаць, цыкл вершаў звязаных з атамнай праблемай, бо калі я быў делегатам на фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве ў 1957 годзе, делегатам ад беларускай нацыянальнай меншасці, і там была сустрэча з Нагато Хісако, з жанчынай, якая ўжо была дарослая, але калі скінулі атамную бомбу на горад Нагасакі, дык яна была страшэнна акалечаная, яна гаварыла шопатам ледзьве адчувальным, і гэтая сустэча з 22-гадовай японскай дзяўчынай так мяне кранула за сэрца, што я напісаў цыкл вершаў. “Ніколі больш вайны” прысвечаны гэтай жанчыне, а таксама многія іншыя. “На сходах банку Сумітома”, дзе сядзеў чалавек, адпачываў і ён згарэў, толькі астаўся след па ім на сходах банку Сумітома. Таксама напісаў верш аб маёры амерыканскай арміі, які скінуў гэтую бомбу і так, як прэса падавала, што ён не вытрымаў, звар’яцеў пасля гэтага факту. І я гэтаму маёру прысвяціў свой верш.
- Вы адгукаліся на сусветна вядомыя падзеі, але перш-наперш, калі запытаць жыхара Беласточчыны або чытача ў Беларусі з якімі тэмамі атаясамлівае Віктара Шведа, то напэўна сказалі бы, што з Беласточчынай, малой радзімай.
- Гэта праўда. Я хачу сказаць, што я жыў у Варшаве 40 гадоў, але цікава, што калі я стаў пісаць на беларускай мове вершы, зразумела пасля таго як паклікана да жыцця нацыянальныя меншасці ў Польшчы і органы прэсавыя “Ніву”( я ў “Ніве” ад пачатку пачаў друкавацца), то можа толькі з 10 вершаў напісаў звязаных с варшаўскай тэматыкай, але ўсе мае вершы датычылі Беласточчыны, маёй малой айчыны. Пісаў і надалей пішу як для старэйшых ,так і для маладога пакалення, для дзяцей. Я дагэтуль выдаў 16 паэтычных зборнікаў, усе яны адносяцца да Беласточчыны сваёй тэматыкай, сярод іх было 7 дзіцячых зборнікаў і 9 для дарослых.
- Хтосьці сказаў калісьці, што для дзяцей трэба пісаць так сама як для дарослых толькі лепш, ці Вы пагаджаецеся з гэтым?
- Магчыма, я стараюся сапраўды дзецям пісаць як найлепш. Я выдаў 7 зборнікаў, але беручы пад увагу, што ў першых двух маіх паэтычных зборніках былі абшырныя раздзелы прысвечаныя дзецям і ў суме то якраз папалове гэтая творчасць. Я вельмі люблю дзетак і я правёў вялізную колькасць, бо звыш тысячы аўтарскіх сустрэч на Беласточчыне і пераважна гэта з дзецьмі ў школах, і я заўсёды вельмі ўзрушана выступаў на гэтых сустрэчах, і вельмі любіў здетак, і любіў пісаць для іх вершы.
- Цяжка сабе ўявіць які-небудзь дэкламатарскі конкурс на беларускай мове сярод дзяцей без Вашых твораў, але таксама цяжка сабе ўявіць і песенныя імпрэзы, бо некаторыя Вашыя вершы сталі сапраўды народнымі песнямі, якія спяваюць і малодшыя, і старэйшыя.
- Я вельмі задаволены, што ўсё яшчэ ёсць чытачы маіх зборнікаў, нават напісаў верш “Ці мне хопіць чытачоў”. Як вядома, беларуская мова абмяжоўваецца і ў нас на Беласточчыне. І ў вершах, якія да гэтай пары пішу, не змяніў тэматыкі сваёй паэзіі. Усе яна тычацца нашага рэгіёна, пачынаючы ад маёй роднай вёскі Мора і канчаючы агульна Беласточчынай, дзе жывуць беларусы.
Цалкам гутарку слухайце ў гукавым файле.
Радыё Рацыя і Kamunikat.org жадаюць Віктару Шведу адсвяткаваць чарговыя круглыя даты, ажыццявіць яшчэ багатыя планы і мары, і надалей радаваць, нас, слухачоў, сваёй творчасцю.