![]() |
![]() |
У Мінску адбылося ўганараванне лаўрэатаў прэміі “Дэбют”
Новая літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная беларускім ПЭН-цэнтрам і саюзам беларускіх пісьменнікаў. Прэмія прызваная адзначаць лепшыя дэбютанскія працы ў галіне беларускай літаратуры за прамінулы год і ўручаецца па трох намінацыях – проза, паэзія ды мастацкі пераклад.
Заснаванне прэміі “Дэбют” не з’яўляецца новай ідэяй, і калі раней проста не было фінансавых ды іншых магчымасцяў заснаваць падобную прэмію, то цяпер яны з’явіліся, кажа старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў ды сябра журы прэміі “Дэбют” Алесь Пашкевіч.
- Напачатку прэміі быў дабрадайца мецэнат, ад якога ўсё і пачалося, склалася журы з пашанотных аўтараў і ў 3 намінацыях шукаліся цягам году лепшыя з лепшых маладых дэбютантаў. У кожнай з намінацыяў вартыя ўвагі аўтары, тым не менш яшчэ многія з аўтараў вартыя ўвагі і не выключана, што праз год будуць новыя сюрпрызы.
Што ж да сёлеташніх намінантаў на прэмію “Дэбют”, то ў кожнай намінацыі з шэрагу вартых былі вызначаныя па тры аўтары, між якіх і абіралі пераможцаў. У намінацыі “паэзія” між намінатаў Ірыны Бельскай і Ігара Кулікова, лепшым быў прызнаны Віталь Рыжкоў з кнігай “Дзьверы замкнёныя на ключ”. Лепшым празаікам названая Наталка Харытанюк з кнігай апавяданняў “13 гісторый пра мёртвага ката”. Заахвочвальныя ж узнагароды ў намінацыі “проза” атрымалі Сяргей Егарэчынка і Анка Упала. А ў намінацыі “мастацкі пераклад” пераможцаў у гэтым годзе аказалася двое – Наста Лабада і Вольга Цвірка. Заахвочвальнай прэміяй у галіне перакладчыцкай працы ўзнагароджаны Антон Францішак Брыль.
Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў” і апроч уганаравання лаўрэатаў прэміі ўключала ў сябе выступы знакамітых беларускіх літаратараў, між якіх Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў ды іншыя. Як зазначылі заснавальнікі прэміі імя Максіма Багдановіча “Дэбют”, плануецца, што яна будзе ўручацца штогод.