![]() |
![]() |
Гліняны Вялес 2010 - Уладзіміру Някляеву: размова з Алесям Аркушам
Лаўрэатам літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес" за 2010 прызнаны Уладзімір Някляеў. Прэміяй адзначана кніга "Кон. Вершы двух стагоддзяў", якая пабачыла свет у мінскім выдавецтве «Лімарыюс».
Па словах старшыні аргкамітэта літаратурнай прэміі Алеся Аркуша, традыцыйна ў шорт-ліст выданняў трапляе пяць намінантаў на атрыманне прэміі:
- За 2010 год у шорт-ліст прэміі патрапілі кнігі: Міхася Андрасюка "Вуліца Добрай Надзеі", Леаніда Галубовіча "Сыс і калуары", Юрыя Станкевіча раман "П'яўка", Андрэя Хадановіча зборнік вершаў "Несіметрычныя сны" і зборнік вершаў Уладзіміра Някляева "Кон". Пасля з'яўлення шорт-ліста адбываюцца кансультацыі і апытанні экспертаў. На гэты раз, практычна ўпершыню, лаўрэат быў вызначаны без якіхсьці ваганняў - бо ўсе ў адін голас казалі, што лаўрэатам мусіць быць Уладзімір Някляеў.
«На жаль, ёсць сумная традыцыя, што лаўрэатам становіцца аўтар, які знаходзіцца за кратамі. Так было ў свой час са Славамірам Адамовічам,» - дадае Алесь Аркуш. Плануецца, што сёлетняе ўганараванне павінна адбыцца з удзелам Уладзіміра Някляева ў Полацку, і заснавальнікі прэміі спадзяюцца на яго хуткае вызваленне.
Літаратурная прэмія «Гліняны Вялес» заснавана ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Яна прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.