![]() |
![]() |
Рапарт пра Беларусь - новы інтэрнэт-праект Польскага радыё
Польскае радыё запусьціла новы адмысловы сэрвіс, прысьвечаны беларускай праблематыцы. Новы інтэрнэр-рэсурс прызначаны для польскага чытача, але экспэртамі й суразмоўцамі рэдактараў новага праекту будуць у значнай ступені беларусы.
(Рапарт пра Беларусь знаходзіцца тут)
Апошнім часам заходнія журналісты ствараюць для беларусаў „Акно ў Эўропу”, а вось стваральнікі новага сэрвісу вырашылі стварыць для палякаў „акно ў Беларусь”. Распавядае Агнешка Каміньска, рэдактарка інтэрнэт-праекту „Рапарт пра Беларусь”.
Агнешка Каміньска: Гэта новая закладка на сайце Польскага радыё, дзе будуць зьмяшчацца апошнія паведамленьні зь Беларусі, а таксама камэнтары экспэртаў, размовы з асобамі, якія займаюцца беларускімі пытаньнямі ў навуковай працы, а таксама прадстаўнікамі беларускага грамадзкага сэктару. Шмат месца на нашым сайце мы хочам адвесьці беларусам, стварыць для іх адмысловую пляцоўку, дзе яны змогуць свабодна выказацца. Мне падаецца, што ў інтэрнэце няшмат рэсурсаў, дзе можна знайсьці такія матэрыялы.
Сэрвіс ствараецца для польскага чытача, але з думкаю пра беларусаў.
Агнешка Каміньска: Мне неаднойчы давялося размаўляць зь беларускімі праваабаронцамі й апазыцыйнымі палітыкамі, і яны заўсёды зьвярталі ўвагу на тое, што самае галоўнае, на што яны разьлічваюць - каб пра іх не забыліся. Вельмі важна, каб беларусаў не пакідаць у інфармацыйнай ізаляцыі, каб іх праблемы не заставаліся выключна іх праблемамі, каб пра іх сытацыю ведалі таксама за мяжой. Яны вельмі спадзяюцца на Польшчу й Эўразьвяз увогуле, аднак беларусы разумеюць, што найбольшую зацікаўленасьць іх краінай праяўляем менавіта мы.
Польшча на вышэйшым дзяржаўным узроўні праяўлае вялікую зацікаўленасьць сытуацыяй бліжэйшага суседа, за што атрымлівае выразы ўдзячнасьці ад прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці й несупынную крытыку з боку беларускіх уладаў, - зазначае Агнешка Каміньска. Цяпер неабходна сытуацыяй суседа зацікавіць звычайных людзей, далёкіх ад вялікай палітыкі.
Агнешка Каміньска: Урад нашай краіны цікавіцца сытацыяй у Беларусі, але вельмі важная рэакцыя грамадзтва. Неабходна, каб грамадзтва на ніжэйшым узроўні хацела кантактавацца зь беларусамі, каб ведала пра бягучую сытуацыю, што адбываецца ў бліжэйшага суседа. Як зазначаюць прадстаўнікі польскіх грамадзкіх арганізацыяў, якія дзейначаюць на карысьць Беларусі, у польскім грамадзтве існуе стэрэатып, што Беларусь падаецца вельмі далёкай краінай, хаця з Варшавы ў Горадню можна даехаць цягам 3-х гадзінаў. А ўсё таму, што няма пастаяннай інфармацыі пра бягучую сытуацыю ў Беларусі. СМІ інфармуюць толькі пра нейкія здарэньні. Таму існуе агульнае перакананьне, што ў Беларусі зусім іншае жыцьцё, зусім іншая культура, у людзей зусім іншы мэнталітэт. Калі на вуліцы запытаць звычайнага мінака, як часта ён чуе нешта пра Беларусь, то ён адкажа, што чуе пра гэтую краіну дзесьці раз у чатыры гады пры нагодзе выбараў, альбо нейкіх жудасных падзеяў, якія выклікаюць пратэсты па ўсім сьвеце. Няма такога звычайнага доступу да інфармацыі ці месца, дзе цікавыя людзі, якія займаюцца цікавымі справамі ў Беларусі, могуць выказацца, распавесьці пра сябе й сустрэцца з водгукам у Польшчы. Таму мы хочам стварыць такое месца, дзе яны змогуць прадставіць свае думкі, свае меркаваньні, сваё ўяўленьне сьвету.
Падрыхтавала Караліна Русіновіч