Рыгор Барадулін: “Дай моцы духу ратнікам сьвятла…”

Рыгор Барадулін: “Дай моцы духу ратнікам сьвятла…”


Рыгор Барадулін сёньня прэзэнтуе свой новы верш, напісаны ўсяго некалькі дзён таму.

Прэзэнтацыя адбываецца адначасова на некалькіх інтэрнэт-сайтах, у тым ліку й на сайце ды хвалях Беларускай службы Польскага радыё. Лягічнае пытаньне, якое ўзьнікае па прачытаньні верша – ці навеяны ён драматычнымі падзеямі 19 сьнежня й наступных дзён?

Паэт ляканічна адказвае: "кожны чытач пабачыць сваё. Але пра згаданыя падзеі Барадулін выказваецца адназначна".

Рыгор Барадулін: Мне страшэнна нават думаць пра тое, што адбываецца пасьля 19 сьнежня… Гэта нейкі разгул рэакцыі, мякка кажучы… Я думаю, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца, і Беларусь убачыць сьвятло…

На нашую просьбу паэт зачытаў свой новы верш для этэру. Прэм’ера.

Рыгор Барадулін: Гэты верш, яго прэзэнтацыя – для Беларускай службы Польскага радыё.

* * *

Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо адрачэшся ад вырачаных на згубу?
Прыпавесьці Саламона 24:11

Узятыя на сьмерць павінны жыць.
Яны прыйшлі ў жыцьцё,
Каб цемра зьнікла.
Каб д’яблавы ашчэраныя іклы,
За ганьбу помсьцячы,
Ушчэнт скрышыць.
Дай моцы духу
Ратнікам сьвятла.
Рашучыя ня могуць быць рабамі.
Хай здрайцы ў дол пакоры
Б’юць ілбамі,
Трывацьме непахіснасьці скала.

Не памірае праведная кроў,
Яна ў вяках
Ня ведае сутрыму.
Злу непадлеглую сваю Радзіму
Сьвітальна
Бачаць вочы ваяроў!..

Гэта была прэм’ера новага верша Рыгора Барадуліна ў выкананьні аўтара.

Арцём Багданаў, Менск

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё