Сьвет убачыла новая кніга лідара гурту „Стары Ольса”

Сьвет убачыла новая кніга лідара гурту „Стары Ольса”




„Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага й Каралеўства Польскага”- гэта найноўшая кніга Зьміцера Сасноўскага, лідара гурту „Стары Ольса”. У кнізе Сасноўскі апісвае, якія музычныя інструмэнты ўжываліся падчас рознага роду рытуалаў і цырымоніяў ды якім чынам рыцарская тэматыка адлюстроўвалася ў сялянскіх фальклёрных жанрах.

Ён разглядае розныя праявы вельмі багатага музычнага жыцьця рыцараў.

Зьміцер Сасноўскі: Вельмі багатую музычную культуру мела менавіта гэтае саслоўе, дзякуючы якому на працягу 5 стагодзьдзяў захоўвала сваю незалежнасьць Вялікае Княства Літоўскае й Каралеўства Польсакае. На гэтым саслоўі, на гэтых людзях трымалася ня толькі незалежнасьць, але своеасаблівая культура са сваім кодэксам гонару, сваім стылем паводзінаў. Вельмі багатая музычная культура аздабляла жыцьцё любога рыцара ня толькі ў мірны час, але й на вайне.

Зь якімі сучаснымі сродкамі камунікацыі можна параўнаць ролю старадаўняй музыкі?

Зьміцер Сасноўскі: Роля музыкі не зьмянілася. Гэта вельмі моцная, эмацыйная сфэра, прывабнасьць і прывязанасьць да якой выказвалі  ня толькі рыцары, але й сялянскія саслоўі, і гараджане, пачынаючы ад першабытнасьці да сучаснасьці. Музыка, у якой бы форме ці стылі яна не была, застаецца інструмэнтам камунікацыі й моцным сродкам атрыманьня асалоды. Я лічу, што ейная роля не зьмянілася й напэўна ня зьменіцца ў будучыні.

Музыку суправаджалі тэксты, якія расказвалі пра гісторыю й пра актуальныя падзеі.

Зьміцер Сасноўскі: Важным элемантам рыцарскай музыкі былі  баляды й гістарычныя песьні. Гэта свайго роду падручнік этыкі, падручнік, заснаваны на гісторыі тых людзей, зь якіх іншыя бралі прыклад, і на якіх хацелі быць падобнымі. Таму, на самой справе, і ў рыцарскай культуры, і ў гараджанскай, і ў сялянскай, і нават духоўнай вельмі вялікую ролю адыгрывалі якраз прыклады жыцьця такіх вялікіх і славутых людзей, якія праславілі сваё імя нейкімі мужнымі ўчынкамі.

Ці  доўга Вы зьбіралі матэрыялы да гэтай кнігі, і ці падчас гэтай падборкі нешта Вас асабліва зьдзівіла? Можа Вы знайшлі нешта, чаго не спадзяваліся знайсьці?

Зьміцер Сасноўскі: Матэрыял зьбіраўся на працягу 7-8 апошніх гадоў, паралельна з тым як, я зьбіраў матэрыял да падручніка гісторыі беларускай музыкі (рэд. “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасьці да канца XVІІІ ст”). Мяне зьдзівіла тое, што ў выхаваньні любога рыцара й шляхціча музыка ўваходзіла ня проста дзеля таго, каб рабіць яго адукаваным для сваёй эпохі, чалавекам выхаваным, але яна зьяўлялася неабходным этапам адукацыі любога рыцара як вайскоўца. Бяз музыкі, без вайсковых музычных сыгналаў войска станавілася некіруемым, і таму комплекс музычных сыгналаў, комплекс сыгналаў на вайсковых інструмэнтах быў абсалютна неабходны для выхаваньня й адукаваньня рыцара й любога вайскоўца.

Каго можа зацікавіць вашака кніжка? („Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага й Каралеўства Польскага”) Ці яна накіраваная да асобаў , якія арыентуюцца ў тэматыцы? Ці любы чалавек знойдзе нешта цікавае у ёй?

Зьміцер Сасноўскі: Я б прывёў прыклад, які выказала мая знаёмая. Яна сказала, што такая колькасьць ілюстрацыяў, якая ёсьць у гэтай кніжцы, спачатку выклікае жаданьне прагартаць кніжку, каб паглядзець карцінкі, а пазьней з-за колькасьці карцінак і ілюстрацыяў узьнікае жаданьне яшчэ й паглядзець тэкст.

Што Вас так цікавіць, што Вас так захапляе ў старадаўняй музыцы, і што гэтае захапленьне Вам дае асабіста?

Зьміцер Сасноўскі: Я б патлумачыў гэта тым, што ў многіх людзей і ўвогуле ў сучаснай культуры адзначаецца такая ўвага да фальклёру й да старой музыкі, як і да гісторыі мастацтва ўвогле. У старой музыцы, выконванай не на сучасных інструмэнтах, а на копіях старых інструмэнтаў, ёсьць вельмі шмат энэргетыкі. Любы музыка, які хоць раз запісваў у студыі, ведае, што сучасныя электронныя інструмэнты даюць рафініраваныя, вельмі дакладныя ноты – дакладнае выкананьне мэлёдыі, а стары інструмэнт, народныя інструмэнты ўтвараюць пэўныя пералівы (недакладнасьці). З гэтага атрымліваецца такая энэргетыка, недакладнасьць, якая чапляе вуха. Вось гэтая энэргетыка ў народнай музыцы прываблівае і мяне, і шмат іншых людзей.

Кніга „Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага й Каралеўства Польскага” - трэцяя кніга аўтарства Зьміцера Сасноўскага. Раней былі выдадзеныя „Гісторыя беларускіх музычных уплываў” ды “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасьці да канца XVІІІ ст”.

Найноўшая кніга лідара гурту „Стары Ольса” выдадзена ў выдавецтве “Кнігазбор” тыражом у 500 паасобнікаў. Праз 2-3 тыдні яе можна будзе купіць у менскіх кнігарнях.

Размаўляла Анна Задрожна

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё