![]() |
![]() |
„Беларусь - вышэй за ўсё!” зборнік пад рэд. А. Тараса
У сэрыі „Невядомая гісторыя” выйшаў зборнік артыкулаў, прысьвечаных тэме нацыянальнай беларускай ідэі.
Рэдактарам і ўкладальнікам зборніка пад загалоўкам „Беларусь –вышэй за ўсё!” зьяўляецца гісторык Анатоль Тарас.
Спрэчкі аб нацыянальнай беларускай ідэі працягваюцца ўжо здавён, але пакуль, паводле рэдактара зборніка, не была выпрацаваная адзіная станоўчая ідэя. Зборнік зьяўляецца спробай вызначэньня гэткай формулы, якую Анатоль Тарас зводзіць да аднаго сказу „Беларусь перад усім!”.
Анатоль Тарас: Беларусь перад усім - гэта сутнасьць нацыянальнай ідэі ды ня толькі беларускай, але таксама польскай, расейскай і іншай. Дык як інакш? Мая нацыя, мая краіна лепшая за ўсіх, таму што яна мая. Вось уся сутнасьць нацыяналізму.
У склад кнігі, якая налічвае 240 старонак, увайшлі артыкулы 11 аўтараў, падабраныя такім чынам, каб паказаць разнастайнасьць падыходаў да тэмы. Апрача спробы вызначэньня сутнасьці нацыянальнай беларускай ідэі, якая зводзіцца да ўмеркаванага здаровага нацыяналізму, Анатоль Тарас вызначае шляхі, якімі можна дайсьці да фармаваньня гэтай нацыянальнай ідэі.
Анатоль Тарас: Па-першае, гэта хрысьціянская рэлігія. Па-другое, добрае веданьне, вывучаньне й прапаганда айчыннай гісторыі і, па-трэцяе – прапаганда вывучэньня традыцыі беларускай шляхты й насельнікаў гарадоў. Гэта значыць адукаванай, прафэсійнай і заможнай часткі грамадзтва - не сялянства. Вось гэткія тры асноўныя ўмовы.
Анатоль Тарас пераконвае, што нацыяналізм - гэта такая плятформа, на якой сутыкаюца інтарэсы і ўлады, і насельніцтва, бо ўсё іншае - гэта сацыяльныя й палітычныя пытаньні, па якіх розныя бакі разыходзяцца й людзям цяжка дасягнуць кампраміс. А вось нацыяналізм - і для багатых, і для бедных, і для праваслаўных, і для каталікоў, і для прыхільнікаў Лукашэнкі, і для яго праціўнікаў.
Ад нацыяналістычнай прапаганды пачыналіся многія сусьветныя рэвалюцыі, у тым ліку Вялікая француская рэвалюцыя – нагадвае Анатоль Тарас.
Анатоль Тарас: Спачатку ў грамадзтве былі распаўсюджаныя ідэі, сфармуляваныя ў Вялікай францускай энцыкляпэдыі, выдадзенай пад кіраўніцтвам Дэні́ Дыдро́ й д'Аламбэрам ды іншымі навукоўцамі, і толькі пасьля гэтага адбыўся сацыяльны пераварот. З гэтага вынікае, што нельга спадзявацца на хуткія вынікі. Зразумела, адно - гэта бягучае палітычнае жыцьцё, з усімі яго складанасьцямі й хібамі, а прапаганда ідэі нацыяналізму - гэта нешта другое. Я, будучы рэалістам, выдатна разумею, што цяпер асноўная частка грамадзтва яшчэ далёкая ад успрыняцьця гэтай ідэі. Тым ня менш яна адносіцца да яе з выразнай зацікаўленасьцю.
Анатоль Тарас не згадажаецца таксама з тэзісам адносна асноўнага значэньня мовы для будаваньня ці захаваньня нацыянальнай тоеснасьці народа.
Анатоль Тарас: Так лічылі раней - адзінства тэрыторыі, мовы, паходжаньня, гісторыі й рэлігіі. У Польшчы гэта апраўдваецца, але, напрыклад, у Беларусі, якая заўсёды была на скрыжаваньні, гэта ня дзяйнічае. Я нагадаю прыклады былых каляніяльных нацыяў, якія страцілі сваю мову, але нацыяналізм у іх такі, што нам толькі зайздросьціць і вучыцца. Таму я не лічу, што мова - гэта адзін з асноўных фактараў для існаваньня беларускай нацыянальнай ідэі.
Анатоль Тарас кажа, што многія дзеячы нацыянальнага адраджэньня за гэты погляд яго асуджаюць. Тым ня менш, для яго мова - не асноўная справа, а рашучае настойваньне на абавязковае вывучэньне мовы, гэта, на самой справе, памылка.
Анатоль Тарас: Я й аўтары зборніка рашуча разыходзімся ў поглядах з цэлым шэрагам дзеячоў нацыянальнага адраджэньня, якія на першым месцы ставяць мову. Паводле нас, гэта было б няправільным нават у палітычным аспэкце. Гаворка ідзе пра тое, што трэба было спачатку замацаваць сябе, а толькі пазьней уводзіць мову, а не палохаць народ абавязковым вывучэньнем мовы, на што ён (народ) абсалютна не гатовы й ня хоча гэтым займацца хаця б зь ляніўства. Нельга ставіць мову на першым месцы. На пачатку трэба ставіць грамадзянскія й палітычныя працэсы, а мову пазьней. Тым больш, што гэта немагчыма! Вы лічыце, што народ сам зь сябе выкажа зацікаўленьне ў мове? Не, ён ня выкажа! Спачатку трэба пераняць уладу, а толькі пазьней уводзіць мову. А дзеля гэтага, каб пераняць уладу, трэба спачатку разбудзіць грамадзянскія сьведамасьць, патрыятызм, прывязанасьць да сваёй тэрыторыі, гісторыі, культуры, не зьвяртаючы ўвагі на моўныя акрасы.
- лічыць Анатоль Тарас, дадаючы, што, як паказвае гісторыя, у беларускіх умовах магчымае толькі двухмоўе, і нягледзячы на гэта Беларусь жыла й разьвівалася.
Паводле яго, галоўнай прыкметай нацыянальнага разьвіцьця зьяўляецца сьвядомасьць нацыі, прадстаўніком якой чалавек зьяўляецца, у асяродзьдзі якой ён сфармаваўся й зь якой атаясамліваецца, лічыць рэдактар зборніка з сэрыі „Невядомая гісторыя” пад загалоўкам „Беларусь–вышэй за ўсё!”.
Размаўляла Анна Задрожна