![]() |
![]() |
Беларусі Пэн-клюб вылучыў Уладзімера Някляева кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Такое рашэньне беларускія літаратары прынялі на сходзе ў Менску. Да восені беларускаму Пэн-клюбу давядзецца прыкласьці нямала намаганьняў, каб пра Някляева загаварылі, як пра рэальнага канкурэнта.
Пра сёлетнія шанцы беларуса на Нобэля Дзьмітры Гурневіч гутарыць са старшынём беларускага Пэн-клюбу Андрэем Хадановічам.
Сп. Андрэй, найперш можа пытаньне, чаму менавіта Ўладзімер Някляеў? Пасьля Вашага ўчорашняга рашэньня загучалі галасы, што ў Беларусі ёсьць нашмат больш таленавітыя аўтары.
А. Хадановіч: Безумоўна, Уладзімер Някляеў уваходзіць у групу тых літаратараў, якія могуць годна прэзэнтаваць Беларусь ня толькі ў самой краіне, бо пра гэта беларусы даўно ведаюць, але й па-за яе межамі. Ды й чаго граха таіць, усе мы ведаем, што Нобэлеўская ўзнагарода – гэта суплёт літаратурных і пазалітаратурных фактараў. Акрамя таленту й значнасьці пісьменьніка, гэта і сума намаганьняў па яго міжнароднай раскрутцы, і сума палітычнай кан’юнктуры навокал.
У чым сёньня вартасьць Нобэлеўскай прэміі, апрача, натуральна, чэка на мільён эўра?
А. Хадановіч: Сёньня, вылучыўшы Някляева, мы можам зьвярнуць увагу эўрапейцаў, і ня толькі, больш чым проста на літаратара Някляева, а на беларускую літаратуру, культуру ў яе незалежным варыянце. Па-другое, мы можам зьвярнуць увагу на лёс самога Някляева. Менавіта таму вылучэньне робіцца актам грамадзянскай салідарнасьці зь Някляевым. Хай тыя, што яго перасьледуюць, ведаюць, што яны перасьледуюць кандыдата на Нобэлеўскую ўзнагароду. Гэта, мне падаецца, таксама важкі фактар, які няварта сьпісваць з шаляў.
А які галоўны фактар посьпеху для кандыдата на літаратурнага Нобэля?
А. Хадановіч: На жаль, некалькі гадоў таму, прадставіўшы прыўкраснага беларускага нацыянальнага паэта Барадуліна, тыя сілы, якія яго раскручвалі, не змаглі дабіцца добрых якасных перакладаў на ангельскую мову. Усё гэта рабілася самаробна, і мне было трошкі сарамнавата гартаць “Ксты” па-ангельску, дзе прыўкрасная паэзія ператварылася ў абы-якую. Было б недаравальна зрабіць тое самае і зь Някляевым. Мы будзем шукаць кантактаў сярод добрых літаратараў у тых краінах, якія нас падтрымаюць. А па-другое, мы будзем зьвяртаць увагу на тыя творы, якія прасьцей захаваць у перакладзе й якія прасьцей будуць адчытаныя, якія, так бы мовіць, кладуцца ў фармат чаканьняў і густаў сёньняшняга заходнеэўрапейскага чытача.
А чаго, дарэчы, хоча сёньняшні чытач на Захадзе, і чаму, адпаведна, Барадулін не атрымаў Нобэля?
А. Хадановіч: Перш за ўсё таму, што ён віртуозна рыфмуе. Эўрапейскі чытач ад гэтага адвык, для яго гэта анахранізм. Тым больш, калі паэт віртуозна рыфмуе, то гэта ставіць невыканальныя задачы перад перакладчыкамі. Прасьцей за ўсё гэта сапсаваць, а нават калі не сапсуеш, то да гэтага трэба яшчэ прывучыць чытача. Баюся, што тое самае нас чакае, калі мы будзем прапагандаваць паэзію Някляева. Прапагандуючы ягоную кароткую прозу з кнігі “Цэнтар Эўропы”, альбо ягоны раман “Лабух”, нашыя шанцы павышаюцца. Перакладчыку прасьцей будзе зрабіць іх ангельскую, швэдзкую й іншыя вэрсіі. Так што хутчэй за ўсё мы будзем рабіць крокі ў гэтым кірунку.
А як можа адбіцца на шанцах Някляева кампанія па ачарненьні паэта як са старонак і вуснаў дзяржаўнай прапаганды, так і часткі незалежнай беларускай інтэлігенцыі?
А. Хадановіч: Дам такі прыклад. У адной краіне ёсьць футбольныя каманды й іх заўзятары. Унутры краіны яны могуць сварыцца й біцца. Фаны “Рэала” вельмі ня любяць фанаў “Барсэлёны” й наадварот. Але ўсё гэта зьнікае й адыходзіць на другі плян, калі кастыльцы разам з каталёнцамі граюць за гішпанскую зборную, і яна перамагае. Мне здаецца, што, гаворачы пра імідж беларускай літаратуры за мяжой, мы мусім прытрымаць у сабе нашыя густы. Я заўсёды выказваўся за тое, што Нобэля варты і Алесь Разанаў, але гэта не перашкаджае мне сёлета зрабіць усё, каб імя Някляева прагучала ў Эўропе, і каб нашыя прэтэнзіі на Нобэля не былі такія эфэмэрныя, як у нас заўсёды бывае. Разам зь перакладамі Някляева, у сілу палітызаванасьці, мы зьвяртаем увагу на тое, што Беларусь яшчэ існуе, што існуе й жыве беларуская мова, на якой ствараюцца цікавыя й арыгінальныя мастацкія тэксты, цікавыя ня толькі перакладчыкам, але й чытачам у іхных краінах і на іхных мовах.