![]() |
![]() |
У мінскім выдавецтве Логвінава выйшаў раман мастака і пісьменніка Артура Клінава «Шалом». Раман быў напісаны яшчэ тры гады таму, урыўкі з яго ўжо друкаваліся ў літаратурных перыёдыках, але толькі зараз раман выйшаў кнігай.
Сам аўтар кажа, што меў шмат іншай творчай працы, таму не было часу канчаткова адрэдагаваць твор. Летась у якасці мастака Клінаў удзельнічаў у здымках фільма Андрэя Кудзіненкі «Масакра». І толькі пасля здачы кінастужкі, Артур вярнуўся да працы над раманам.
- Зараз выхад майго раману можа быць і своечасовы. Бо краіна апускаецца ў нейкі песімізм, у нейкую абсурдальнасць усяго, што адбываецца. Думаю, што зараз як раз добры час для выхаду "Шалома". Бо, у прынцыпе, гэты раман у пэўным сэнсе адпавядаем таму, што адбываецца зараз у краіне. Абсурднасць нашых герояў - яна ў пэўным сенсе метафара сённяшняй Беларусі.
Вядомасць літаратара Артур Клінаў набыў пасля выхаду ягонага аўтабіяграфічнага раману «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», які выйшаў кнігай у 2008 годзе. Гэта расповед пра той Мінск, які захаваўся з часоў камуністычнай эпохі з яго пампезнымі палацамі, але і пра той Мінск, які ўжо стаў часткай культуры цывілізацыі. Дарэчы, гэтая кніга была выдадзена і па-польску.