"Прайдзісвет" адзначыў дзень народзінаў Эдгара Алана По

"Прайдзісвет" адзначыў дзень народзінаў Эдгара Алана По


У межах літаратурных чытанняў з часопісам перакладной літаратуры "Прайдзісвет" адбылося святкаванне дня народзінаў знакамітага амерыканскага пісьменніка Эдгара Алана По.

Шматлікія пераклады твораў По на беларускую мову пачалі з’яўляцца ў коле маладых беларускіх перакладчыкаў два гады таму, прынагодна 200-годдзю творцы. На сённяшні ж дзень Эдгар Алан По рознабакова прадстаўлены ў беларускамоўных перакладах, часам у нечакана незнаёмай для чытача форме, як заўважыў паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч:

– Сёння мы ў вузкім коле аматараў, якія невыпадковыя, тым не менш, яны чуюць новага для сябе По. По – майстра пародыі, По – як на рамантыка, досыць самаіранічнага, аўтара, які ўмеў не толькі прыдумаць новы жанр, але адразу ж і выкруціць яго навыварат.

У выкананні Андрэя Хадановіча, Віталя Рыжкова, Ганны Янкуты, Лявона Баршчэйўскага ды шмат якіх яшчэ беларускіх перакладчыкаў, яскравы прадстаўнік амерыканскага рамантызму, Эдгар Алан По, прагучаў на святочнай вечарыне па-беларуску. Адсвяткаваўшы 202-ю гадавіну знакамітага аўтара, беларускія перакладчыкі рыхтуюць для чытачоў новы падарунак – кнігу перакладаў твораў Эдгара Алана По, якая ўжо гатова да выдання і неўзабаве павінна з’явіцца на палічках беларускіх кнігарняў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя