У Мінску прэзентавалі кнігу па... будучыні Беларусі

У Мінску прэзентавалі кнігу па... будучыні Беларусі


Новая кніга беларускага метадолага Уладзіміра Мацкевіча "Пераацэнка каштоўнасцяў у культуры і гісторыі Беларусі" выдадзеная ў серыі "Беларусь для пачаткоўцаў", якую некалькі год таму распачалі ў Агенцыі гуманітарных тэхналогій.

У сваёй новай кнізе аўтар уздымае праблемы звязаныя з працэсам еўрапеізацыі Беларусі, ставячы пытанне ў якой краіне будзе жыць сучаснае грамадства – Беларусі еўрапейскай, ці Беларусі савецкай?

Прэзентацыя выдання, што адбылася ў мінскай галерэі сучасных мастацтваў "Ў", прайшла ў форме дыскусіі датычнай культурна-гістарычнага самавызначэння беларусаў. Прэзентаваць кнігу такога кшталту ў форме дыялогу з прысутнымі аўтар, Уладзімір Мацкевіч, палічыў неабходным:

– Усе мы зараз заклапочаныя пытаннямі і беларускай дзяржаўнасці, нашай будучыні, лёсу нацыі, пабудовы суверэннай нацыі. Таму праблемы, якія там уздымаюцца, тычацца вельмі шырокага кола грамадзянаў Беларусі.

Нягледзячы на скіраванасць аўтара на падрыхтаваную аўдыторыю, Уладзімір Мацкевіч усё ж лічыць актуальнай цікаўнасць да выдання любога беларуса, бо ў кнізе ўзнятыя пытанні, з якімі сутыкаецца кожны чалавек у штодзённым жыцці. Таму кніга, прызначаная чытачу, які вонкава цікавіцца Беларуссю, тычыцца кожнага грамадзяніна краіны, бо ў пэўным сэнсе любы беларус – гэта пачатковец, лічыць аўтар, па меркаванні якога ўзнятыя ў кнізе праблемы распрацаваныя вельмі мала і патрабуюць сур’ёзнай працы і абмеркаванняў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя