Універсітэт у Беластоку запачаткаваў Год Мілаша

Універсітэт у Беластоку запачаткаваў Год Мілаша


Ежы Гедройць і Чэслаў Мілаш, іх ідэі і дзейнасць сталі тэмай сустрэчы ў межах "Беларускіх чацвяргоў" у Беластоцкім універсітэце.

Галоўны выступоўца, рэдактара часопіса "З-над Віліі", Рамуальд Мячкоўскі называе іх апошнімі нашчадкамі Вялікага княства Літоўскага, ад якіх ён увабраў ідэю шматкультурнасці. Таксама выступоўца, які асабіста быў знаёмы з Гедройцем і Мілашам, адзначае, што і беларусам варта ведаць творчаць гэтых выбітных асобаў:

– Гэта былі прыяцелі Беларусі, яны вельмі перажывалі за тое, што там адбываецца. Яны былі настаўнікамі, калі можна ўжыць гэтага слова, тых працэсаў, якія ўвялі б Беларусь у асяроддзе сучаснай Еўропы, таму што ў гэтым асяроддзі Беларусь ужо была, як галоўная частка Вялікага княства Літоўскага. Гэтаксама, як і была яна сярод пераможцаў Грунвальда, была аўтарам даўніх юрыдычных кодэксаў – гэта вялікая частка нашай агульнай гісторыі.

Падчас сустрэчы ў Беластоцкім універсітэце доктар Лена Глагоўская адзначыла, што Чэслаў Мілаш лічыў беларусаў нацыяй, недаацэненай ні гісторыяй, ні сучаснасцю. "Вялікая палітыка пакрыўдзіла гэтую нацыю", – такі погляд быў аднойчы агучаны знакамітым творцам.

Сустрэча ў межах "Беларускіх чацвяргоў" запачаткавала адзначэнне года Чэслава Мілаша.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя