|
|
У Музеі гіторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына, прысвечаная Ігнату Яцкоўскаму – літаратару, адвакату, паўстанцу 1831 года, беларускаму эмігранту.
У гэты вечар публіцы была прэзентавана кніга Яцкоўскага "Аповесць з майго жыцця, альбо Літоўскія прыгоды", выдадзеная ў перакладзе на беларускую мову, працаваў над якой беларускі навуковец, доктар філалагічных навук, перакладчык Мікола Хаўстовіч.
Апроч аўтара ў вечарыне ўзяў удзел беларускі бард Алесь Камоцкі ды шэраг беларускіх гісторыкаў, сярод якіх Міхась Тычына, Ігар Запрудскі, Лія Кісялёва і Анатоль Сідарэвіч:
– Гэта ўсё вяртанне да сябе. Прафесар Мікола Хаўстовіч вяртае цэлы пласт. За гэта трэба падзякаваць, ён пашырае нашы кругагляды, а вось кніга – яшчэ адно сведчанне. Ён пераклаў яе на беларускую мову – адным словам, вярнуў.
Кніга Ігата Яцкоўскага, перакладзеная Міколам Хаўстовічам "Аповесць з майго жыцця, альбо Літоўскія прыгоды" выдадзеная невялікім тыражом у Варшаве, адкуль адмыслова на прэзентацыю прыехаў перакладчык выдання. Апроч прэзентацыі новавыдадзенай кнігі, на вечарыне адбылася дыскусія на тэму аўтарства верша "Заграй, заграй, хлопчэ малы...". А ўрыўкі з "Аповесці..." прагучалі для ўсіх прысутных у акторскім выкананні.