![]() |
![]() |
Рэдакцыя і выдавецтва часопіса ARCHE здолела аднавіць сваю нармалёвую дзейнасць і тэхналагічны працэс пасля ператрусаў, у выніку якіх былі канфіскаваныя рэдакцыйныя кампутары. Больш за тое, супрацоўнікі выдавецтва распачалі свае традыцыйныя сустрэчы з чытачамі ў рэгіёнах.
Спярша накіраваліся ў Гродна, дзе, па словах галоўнага рэдактара ARCHE Валера Булгакава, маюць шмат прыхільнікаў:
- Не адчуваючы сувязі з чытачамі, мы не ведаем: якія кніжкі выдаваць і перавыдаваць. Вельмі прыкра, што некалькі месяцаў перад выбарамі і нейкі час пасля выбараў наша дзейнасць была мінімалізавана. І цяпер трэба наноў набіраць абароты, хаця шэраг каштоўных і падрыхтаваных да выдання на дадзены момант рукапісаў страчаны ў выніку ператрусаў. Узнаўленне іх азначае ўсю працу ад пачатку...
Намеснік галоўнага рэдактара гісторык Алесь Пашкевіч зазначыў, што праца з аўтарамі над новымі праектамі працягваецца, шукаюцца таксама тэмы новых даследзінаў, якія б зацікавілі чытача, неабыякавага да беларускай гісторыі і культуры.