![]() |
![]() |
Выйшла кніга прысвечаная творчасці Вайцюшкевіча
У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі прысвечанай творчаму шляху артыста Змітра Вайцюшкевіча, выдадзеная з ініцыятывы беларускай журналісткі Эллы Олінай выдавецтвам «Кнігазбор».
Апроч аглядаў ды рэцэнзій беларускіх журналістаў і музычных крытыкаў, у кнізе змешчаныя гутаркі з паэтамі, на вершы якіх Вайцюшкевіч піша песні, з калегамі-музыкамі, сябрамі і роднымі Змітра. Назва кнігі, «Беларускае слова ад спеву», узятая з верша Рыгора Барадуліна, выказванні якога між іншых таксама можна знайсці на старонках выдання. Ідэя ж напісання кнігі нарадзілася з жартоўнай прапановы, якую на адным са сваіх канцэртаў меў неасцярожнасць зрабіць сам Зміцер Вайцюшкевіч.
- Малайцы ініцыятары гэтага праекту, што яго зрабілі. Тое, што я герой гэтае кніжкі вядома ж прыемна, але спакойна – я ужо не ў тым узросце. Гэтая кніжка мае права на сваё існаванне. Там можа крыху ідэалізаваны вобраз артыста з Бярозаўкі, я крыху іншы - горшы, на маю думку. Крылы ад таго што выйшла кніжка не растуць: выйшла і выйшла, дзякуй Богу!
Прэзентацыя кнігі, на якой прысутнічалі сябры і прыхільнікі артыста, а таксама грамадскія і культурныя дзеячы, музычныя крытыкі і журналісты, адбылася ў памяшканні офіса руху “За свабоду!” у Мінску. Апроч выступаў аўтараў выдання, прагучалі таксама выказванні і песні Змітра Вайцюшкевіча і ансамбля народных спеваў “Гуда”. Кніга «Беларускае слова ад спеву» змяшчае фотаздымкі артыста розных гадоў, тэксты песень, дыскаграфію ды рэпартажы з яго выступаў ў Беларусі ды замежных краінах.