|
|
Мінскія незалежныя выдавецтвы ўзялі ўдзел у кніжным кірмашы
У Мінску адкрылася XVIII міжнародная кніжная выстава-кірмаш. На ім прадстаўлена 600 выдавецтваў з 23 краінаў свету. Маюць свой стэнд і мінскія незалежныя выдавецтвы.
Мерапрыемства адкрылі сваімі выступамі міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Радзькоў, старшыня праўладнага саюзу пісьменнікаў Мікалай Чаргінец і іншыя. На сёлетняй выставе ганаровым госцем з’яўляецца Германія, амбасадар якой Крыстаф Вайль прысутнічаў і таксама выступіў на адкрыцці.
Упершыню на выставе ў адзінай экспазіцыі прадстаўлены і беларускія прыватныя выдавецтвы. Іх экспазіцыю на выставе арганізавала і курыруе Марыя Мартысевіч.
- Яшчэ некалькі год таму ўзнікла ідэя аб'яднаць незалежныя выдавецтвы Мінска для ўдзелу ў Мінскім кніжным кірмашы. Таму што гэта вялікая падзея, шмат пакупнікоў. А гэтыя выдавецтвы нідзе не гучаць, таму што малабюджэтныя і не маюць сілы заявіць пра сябе. Вялікі водгук атрымалі ад усіх выдаўцоў. Кнігі нясуць з ранку. Так што запрашаю.
У невялічкім павільёне “Прыватных выдаўцоў” прадстаўлены 8 недзяржаўных выдавецтваў, такіх як "Логвінаў", "Галіяфы", выдавецтва Змітра Коласа і іншыя. Арганізатары запрасілі вядомых беларускіх пісьменнікаў прадставіць свае кнігі падчас працы выставы.
* * *
Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў прадставіў на XVIII міжнароднай выставе-кірмашу сваю апошнюю па часе выдання кнігу “Ля Дзікага поля”. Падчас гэтай імпрэзы вядомы пісьменнік выступіў і нагадаў прысутным каля стэнду грамадзянам аб лёсе ягоных калегаў, якія пасля выбараў 19 снежня 2010 году апынуліся ў турме.
- Так сталася, што ў нашы дні, пасля падзеяў 19 снежня, назва маёй кніжкі набыла новы сэнс. Мы таксама апынуліся ў Дзікім полі, і ў вынікі гэтага сёння на гэтай кніжнай выставе побач з намі няма нашага выдатнага паэта Уладзіміра Някляева, няма таленавітага літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты, няма таленавітага публіцыста Паўла Севярынца. Як вы ведаем, яны ў зняволенні. Мы ўсім ім жадаем як мага хутчэй вярнуцца на волю і вярнуцца да сваёй літаратурнай працы.
Лёс арыштаванага Уладзімір Някляева таксама вымусіў адмовіцца ад ўдзелу ў выставе вядомае маскоўскае выдавецтва “Время”, якое павінна было прадставіць на гэтай імпрэзе новы збор твораў паэта ў перакладзе на расійскую мову.