![]() |
![]() |
Сумная навіна прыйшла з Баранавічаў. Пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця вядомы баранавіцкі паэт Янка Збажына (сапраўднае імя Іван Мікалаевіч Савіцкі). Яму было ўсяго 46 гадоў.
Пра свайго калегу ды сябра прыгадвае кіраўнік грамадскай арганізацыі «Творчае згуртаванне «Святліца» Алесь Бакач:
- Мы пазнаёміліся ў той час, калі я яшчэ працаваў у экалагічнай гімназіі, у той час яна яшчэ называлася “6-я школа”, у якой Ян Збажына працаваў выхавацелем ды яшчэ завочна вучыўся ў Гродзенскім універсітэце. Менавіта ў той час ён быў заснавальнікам скаўцкага руху, і не толькі ў Баранавічах, але і ў Беларусі. Сапраўды Ян валодаў фундаментальнымі ведамі і ўсё гэта адлюстроўвалася ў яго творчасці. Ён у нечым падобны да Алеся Разанава ў сваёй наватарскай дзейнасці ў літаратуры і літаратурных формах: розныя рандэлі, трыялеты, санеты, хоку. – ён імі валодаў і працягнуў тую справу, якую некалі распачаў Максім Багдановіч у нашай літаратуры.
Творы Янкі Збажыны друкаваліся ў беларускіх літаратурных часопісах, такіх як «Полымя», «Маладосць», «ЛІМ» ды іншых, а таксама ўваходзілі ў зборнікі. У 2004 годзе выйшла яго асобная кніга паэзіі і прозы пад назовам «Пыл саркафагаў».
Развітанне з Янкам Збажыном адбудзецца заўтра.
* * *
САНЕТ
І.К.
Застаюся пакуль
каля вас
на тым возеры ў
промнях поўні,
дзе павольна плыве
чоўнам час
разам з голасам
птушкі позняй,
дзе пад музыку хваль дзіўны спеў
пачынаюць паганства духі,
а каруны ляцяць ценем з дрэў,
ахіляючы пекна душы,
дзе над светам лясной цішыні
дыяментавы россып зорак
заклікае ў сурму вышыні,
каб пабачыць ружовы золак.
Там на вогнішчы сэрцаў, натхненняў
засталося жыццё летуценняў...
(Ян Збажына, "Пыл саркафагаў", 2003 г.)