![]() |
![]() |
"Еўропа не павінна быць і не ёсць толькі эканамічным і геапалітычным праектам. Еўропа – гэта найперш культура!" Так пачынаецца зварот, накіраваны старшыні Еўрапейскага парламента Ежы Бузку, падпісаны амаль сотняй чалавек, звязаных з культурай, з Беларусі, Украіны і Польшчы.
"Доўгія стагоддзі творцы з Беларусі і Украіны натуральным чынам упісваліся ў пейзаж еўрапейскай і сусветнай культуры. Пасля таго, як узнікла Шэнгенская мяжа, пранікненне культураў стала амаль немагчымае," – кажа падпісантка ліста з Познані Яланта Кільян:
– Гэта адмысловы грамадскі сігнал, што робіцца нешта не так. Мы зараз знаходзімся ў нейкай дзіўнай сітуацыі – ніхто не дапамагае ў атрыманні віз, няма адмысловых праграм дапамогі – культурніцкіх і мастацкіх. Ёсць толькі праграмы эканамічнага супрацоўніцтва.
"Разам з мастакамі з Заходняй Еўропы мы заклікаем, каб праекты ЕС улічвалі ўсіх нашчадкаў еўрапейскай спадчыны," – пішуць у сваім звароце творцы культуры з Украіны і Беларусі. Сярод падпісантаў з беларускага боку: Міхал Анемпадзістаў, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў ды Міхась Скобла.
– Калі і Літва, і Польшча апынуліся ў Еўрасаюзе, мы, няглядзячы на тое, што нашая краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, апынуліся на нейкай узбочыне еўрапейскай цывілізацыі. Усё ж такі Шэнгенская віза сёння каштуе немалыя грошы. Уся гэтая сітацыя ізалюе беларускіх творцаў ад творцаў еўрапейскіх, – кажа Міхась Скобла.
"Ліст старшыні Еўрапарламента – гэта найперш заклік да падтрымкі права на свабоду творчасці ў кожным кутку гістарычнай і сучаснай Еўропы. Чакаем канкрэтных прапановаў ад еўрапейскіх чыноўнікаў, як можна дапамагчы перасякаць нябачную шэнгенскую мяжу творцам з Захаду і Усходу Еўропы", – кажуць падпісанты звароту,
Зварот з'яўляецца ініцыятывай свабодных творцаў культуры, якія не маюць ніякай падтрымкі ў дзяржаўных ці недзяржаўных арганізацыях, адзначаюць падпісанты. Болей пра ініцыятыву творцаў культуры можна прачытаць на сайце www.europeanletter.net.
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя