У Мінску адзначаюць 72-я ўгодкі з дня народзінаў Чэcлава Немана

У Мінску адзначаюць 72-я ўгодкі з дня народзінаў Чэcлава Немана


Двухдзённым фестывалем “Дах-XII” у Мінску пачалося адзначэнне 72-годдзя са дня нараджэння Чэслава Немана - сусветнавядомага музыкі, які нарадзіўся ў беларускай вёсцы Старыя Васілішкі, што на Гродзеншчыне.

Творчая суполка “Ахвяры мастацтва” прысвяціла музыканту свой чарговы арт-праект. У Палацы мастацтваў з гэтай нагоды сабраліся беларускія графікі, паэты, мастакі, музыканты. Кажа мастацкі крытык і вядучы фестывалю Яўген Шунейка.

- Я спадзяюся, што вось гэты год каардынальным чынам зменіць сітуацыю ў справе памяці вялікага музыканта, паэта, мысляра, мастака, нашага земляка, бога польскай музыкі. Гэта будзе новы крок, які шмат вырашыць у будучыні нашай музычнай і мастацкай беларускай культуры. Каб крыху абганяючы час, марыць пра вялікія, творчыя, вольныя перспектывы, пра моцны ўплыў мастацтва на грамадскую свядомасць, каб гэты дзіўны свет быў яшчэ больш дзіўнейшы і каб у гэтым дзіўным свеце, будучым свеце, людзі любілі адзін аднаго.

Падчас фестывалю “Дах-XII” запланаваныя не толькі выступы беларускіх гуртоў з уласнымі інтэрпрэтацыямі песень Чэслава Немана. У залі Палаца мастацтва праходзіць выстава, прысвечаная спеваку. Таксама плануецца паказ перформансаў і паказ стужак беларускіх і польскіх режысёраў пра жыццё музыканта.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя