Грамадскасць Гродна хоча ўшанаваць Аляксея Карпюка

Грамадскасць Гродна хоча ўшанаваць Аляксея Карпюка


Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Гродна выступілі ў інтэрнэт-прасторы з чарговай ініцыятывай па ўшанаванні памяці вядомага гродзенскага пісьменніка Аляксея Карпюка.

Калі мясцовыя ўлады не жадаюць надаваць імя Аляксея Карпюка гарадской вуліцы, дык хаця б варта было павесіць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў пісьменнік, – лічыць прафесар Гродзенскага купалаўскага універсітэта Аляксей Пяткевіч:

– Карпюк, безумоўна, у першую чаргу – я ўжо не гавары пра Быкава – з пісьменнікаў заслугоўвае, каб памяць па ім захоўвалася. Чалавек пражыў па сутнасці ў Гродне жыццё – недзе паўстагоддзя. А чым у нас ён горшы за Элізу Ажэшку, якая прыблізна ж столькі пражыла ў Гродне.

Грамадская актывістка Гражына Шалкевіч ухваляе ініцыятыву, але не верыць, што ўлады паспрыяюць:

– Хутчэй за ўсё, 90 адсоткаў, што гэта немагчыма зрабіць – прынамсі цяпер, пры цяперашняй уладзе, пры цяперашнім стаўленні. Нявыгадныя ўладзе пісьменнікі, скажам так, улічваючы факт і са справай Быкава.

Раней грамадскія актывісты прапаноўвалі перайменаваць вуліцу Максіма Горкага ў вуліцу Аляксея Карпюка, у тым ліку ўсталяваць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў пісьменнік. Але гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымку мясцовых уладаў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя