![]() |
![]() |
У гісторыка-культурным музеі-запаведніку Заслаўля адкрылася выстава мастака Андруся Такінданга, які больш вядомы публіцы, як музыка гуртоў “Рэха” і “Гаротніца”, а таксама як тэлевядучы.
“Карцінкі розных гадоў”, так назваў доўгачаканую выставу сваіх прац мастак. Як заўважыў сам Андрусь Такінданг, выставаў сваіх карцін ён не рабіў ужо вельмі доўгі час, хоць па адукацыі ён прафесійны мастак і заўжды знаходзіцца ў працэсе стварэння новых і новых выяўленчых прац. Доўгачасовая адсутнасць у асяроддзі выставаў выяўленчага мастацтва выкліканая актыўнай дзейнасцю ў музычнай сферы, кажа Андрусь Такінданг.
- Для мяне вельмі цяжка вырашаць нейкія арганізацыйныя пытанні. Ужо з канцэртамі нейк навучыўся рабіць, бо адказваю не толькі за сябе але за ўвесь гурт. А калі справа тычыцца ўласна мяне, арганізаваць маю выставу, дык для мяне цяжка: насіць партфоліо, размаўляць з галерэямі. Тут проста прапанавалі, была ініцыятыва менавіта ад Заслаўля і мне толькі засталося пагадзіцца.
Андрусь Такінданг выказаў свае спадзяванні на тое, што наведвальнікі выставы яго мастацкіх прац будуць успрымаць жывапіс без перадгісторыі мастака, не зважаючы на тое, што карціны пісаў музыка. Дарэчы адкрыццё выставы не абыйшлося без прэзентацыі і музычнай творчасці Такінданга – на імпрэзе зайграў гурт “Рэха” і сябры творцы. Выстава “карцінкі розных гадоў” аўтарства Андруся Такінданга дасяжная да агляду ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку Заслаўля з 19-га лютага.