|
|
Урачыстаю літаратурнаю вечарынаю "Берасцейскае вогнішча" Брэсцкае аддзяленне Саюзу беларускіх пісьменнікаў адзначыла свае 30-ці годдзе.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі госці з розных рэгіёнаў Беларусі і пісьменнікі з Валынскай вобласці Украіны.
Акрамя выступу пісьменнікаў розных пакаленняў, адбылася прэзінтацыя літаратурнага альманаха "Жырандоля-3", продаж-выстава кніг берасцейскіх аўтараў ды выстава партрэтаў літаратараў.
Адзін з першых рэдактараў "Жырандоля", Алесь Паплаўскі, паведаміў нашаму радыё, што з упэўненасцю глядзіць у літаратурную будучыню:
- Ёсць упэўненасць, што літаратурны працэс на Берасцейшчыне ідзе і ідзе паспяхова у тым самым кірунку і не адстаючы ад таго літаратурнага працэсу, што ідзе ў цэлым у Рэспубліцы
Паэт, празаік Аляксей Філатаў зазначыў, што на такое мерапрыемства павінна звяртаць увагу не толькі шырокая грамадскасць горада, але і прадстаўнікі ўладаў:
- Мы жывем у вельмі цяжкіх умовах, як у краіне так і ў літаратуры: гэты падзел на “чэсных” і “нячэсных”, патрэбных і непатрэбных. Сёння як бачыце нікога няма апроч украінцаў і мінчукоў – ні Аблвыканкаму ні таго ж Саюзу пісьменнікаў. Навошта рваць па сэрцы калі мы робім адно і тое ж?
Цягам амаль трох гадзінаў удзельнікі святочнай вечарыны дзяліліся сваімі уражваннямі, прадстаўлялі новыя творы і ўзгадвалі тых, хто ўжо пакінуў гэты свет.