21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы


Таварыства беларускай мовы на чале з Алегам Трусавым адзначае Дзень роднай мовы, як звычайна, агульнанацыянальнай дыктоўкай.

Сёлета з нагоды 120-годдзя Максіма Багдановіча яе пішуць менавіта па творах гэтага знакамітага аўтара. Тыдні беларускай мовы абвешчаны ў беларускіх вышэйшых навучальных установах, і ў прыватнасці на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах Алега Трусава за апошні год у галіне беларусізацыі грамадства адбыліся невялікія, але значныя змены.

- Пэўныя зрухі ёсць да лепшага, тым больш што ў мінулым годзе была нават прынятая дзяржаўная праграма. І сёе-тое зроблена: напрыклад з’явіліся беларускамоўныя сайты ў многіх чыноўнікаў, павялічылася колькасць фільмаў, павялічваецца мова на тэлебачанні. Пасля маёй сустрэчы з Давыдзькам зноў пачаліся некаторыя спартовыя перадачы па-беларуску, у навінах больш гучыць беларускае мовы. То бок яўныя, невялічкія але станоўчыя зрухі ёсць.

Па словах Алега Трусава афіцыйныя лічбы статыстыкі, якія паведамляюць пра тое, што трэць насельніцтва краіны размаўляе па-беларуску, нельга лічыць дакладнымі. Як адзначае старшыня ТБМу у Беларусі абсалютная большасць насельніцтва размаўляе на трасянцы і дыялектах беларускай мовы, гэта датычыцца і жыхароў Мінска, якія мяркуюць, што гавораць на чыстай расейскай мове, - падкрэслівае Алег Трусаў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя