Сцяпан Копа: Я вандраваў у пошуках нашых родных песняў

Бібліятэкар


Госцем Рацыі быў збіральнік беларускага фальклору на Падляшшы Сцяпан Копа. У гэтым годзе музыка ды аўтар песенных зборнікаў адзначае свой 65-гадовы юбілей.

РР: Ці ёсць ва Усходняй Беласточчыне такія мясцовасці, куды б вы не патрапілі, бо ў мяне такое ўражанне, што вы скалясілі (або і прайшлі пехатою) ад Буга да Дубровы-Беластоцкай, далёка за Ліпск?

– Я ў сваім жыцці наведаў многа мясцінаў, але ж у кожнай, куды варта было б патрапіць, немагчыма быць. Я тут не ўпэўнены, што тыя людзі, якія вандруюць без перапынку, наведалі ўсё на Беластоцкай зямлі. Я вандраваў у пошуках нашых родных песняў ды наведваў тыя мясцовасці, што падказвалі мне самі людзі – найбольш запамінальнай стала фалькларыстычная экспедыцыя па Беласточчыне ў 1996-1998 гадах. Ад Буга да Бобры я наведаў многія-многія месцы, нават такія, пра якія ніхто і не падумаў бы, што ў іх захаваўся беларускі фальклор ды наогул жывуць беларусы... Усё гэта засталося па сённяшні дзень. Я быў з Галінай Таўлай і Ігарам Маціеўскім з Санкт-Пецярбурга. Калі мы падыходзілі ўтрох да мясцовых людзей, мы чулі, што размаўлялі яны між сабою па-беларуску, але да нас яны зразу звярталіся па-польску. Нашу размову мы заўсёды стараліся працягваць вельмі сардэчна, з намерам неяк пераканаць гэтых людзей і намовіць, каб праспявалі яны нам свае песні. У большасці выпадкаў нашыя намаганні завяршаліся поспехам – нам удалося сабраць і запісаць надзвычай багаты рэпертуар у такіх месцах, як гміна Кузніца-Беластоцкая, Дуброва-Беластоцкая, Новы Двор... Нават за Монькамі, у мясцовасці Тшцяннэ, мне праспявалі па-беларуску, але быў я там у 1964 годзе. Было гэта вяселле, якое цалкам праходзіла па беларускай традыцыі. (...) Самі людзі казалі пра сваю мову, што гэта "простая мова"...

РР: Які плён гэтых Вашых вандровак, над чым працуеце цяпер?

– Я выдаў усяго сем зборнікаў песень. У Ваяводскім асяродку анімацыі культуры не было спрыяльных умоваў для таго, каб над імі працаваць, але яны выйшлі. Цяпер я працую над песеннай спадчынай гміны Гарадок – гэта мае быць восьмы зборнік. Матэрыял у большасці запісаны, але яшчэ ж трэба скампанаваць усю кнігу. Я не ўпэўнены, ці кніжка гэтая здолее ўбачыць свет яшчэ ў гэтым годзе...

Цалкам гутарку Міколы Ваўранюка са Сцяпанам Копам, якая прагучала ў эфіры Рацыі 30 верасня, слухайце ў прыкладзеным аўдыёфайле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя