Віталя Рымашэўскага выпусцілі з СІЗА КДБ

Віталя Рымашэўскага выпусцілі з СІЗА КДБ


Віталь Рымашэўскі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Два апошнія дні палітык правёў разам са сваёй сям’ёй у Мінску, а сёння раніцай быў ізноў выкліканы на допыт да следчых КДБ.

 Па словах адказнага сакратара аргкамітэту БХД Дзяніса Садоўскага, 1 студзеня палітык звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з тлумачальнай запіскай, пасля чаго яму была змененая мера стрымання.

- Уначы 1 студзеня Віталь Рымашэўскі быў адпушчаны з турмы КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Ім была напісана тлумачальная запіска на імя прэзідэнта. Гэтыя дні Віталь быў з сям’ёй, а цяпер ён ізноў на допыце ў КДБ – паводле позвы ён павінен быў з’явіцца а 10 гадзіне раніцы. Адносна абвінавачання ўсё засталося як было, толькі змянілася мера стрымання, хоць сам Віталь і разумее, што сёння ён можа і не выйсці з КДБ.

Змест тлумачальнай запіскі, па словах Дзяніса Садоўскага, заўтра на прэс-канферэнцыі агучыць сам кандыдат у прэзідэнты ў выпадку свайго знаходжання на волі. Паводле адказнага сакратара БХД, па інфармацыі на сённяшнюю дзень лёс іншых абвінавачаных па справе ад масавых беспарадках не змяніўся. Магчыма, некаторыя новыя звесткі стануць вядомыя па выніках цяперашняга допыту.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя