![]() |
![]() |
Сваякі і блізкія палітвязняў просяць кіраўніцтва Расіі, Еўрасаюза і ЗША паўплываць на сітуацыю ў Беларусі і паспрыяць іх хутчэйшаму вызваленню.
У звароце, які ініцыявала Вольга Някляева, вядзецца таксама пра неабходнасць стварэння міжнароднай камісіі, якая бы магла раследаваць падзеі 19-га снежня. Сваякі затрыманых таксама заклікаюць увесці жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыма:
– Мы патрабуем ад Лукашэнкі вызваліць усіх, хто быў узяты ў закладнікі – кандыдатаў у прэзтдэнты ды іхніх незаконна затрыманых людзей. Мы заклікаем усіх чэсных грамадзян Беларусі, а таксама міжнародную супольнасць – у першую чаргку кіраўніцтва Расіі, ЗША, Еўрасаюза, далучыцца да нашых патрабаванняў. Мы прапануем стварыць міжнародную камісію па расследаванні злачынстваў, якія адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня ў Беларусі і правесці выбары прэзідэнта краіны пад міжнародным кантролем. Лічу, што да вызвалення ўсіх затрыманых у сувязі са справай 19 снежня 2010 года могуць быць апраўданымі ўсе самыя жорсткія санкцыі з боку ЗША, Еўрасаюза і Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да беларускага рэжыму.
Зварот Вольгі Някляевай падпісалі іншыя родныя і блізкія палітвязняў, што стварылі грамадскую ініцыятыву "Вызваленне".
* * *
Сваякі кандыдатаў у прэзідэнты ды іх давераных асобаў аб’ядналіся ў грамадзянскую ініцыятыву "Вызваленне". Яны патрабуюць неадкаднага вызвалення ўсіх тых, каго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
З просьбай паўплываць на сітуацыю яны звярнуліся да кіраўніцтва Расіі, ЗША і Еўрасаюза. Падпісаны таксама зварот да папы рымскага Бенедыкта з просьбай падтрымаць беларускіх палітвязняў. Кажа Вольга Бандарэнка, жонка Змітра Бандарэнкі з каманды Андрэя Саннікава.
- Мы засталіся практычна адны, і я лічу, што нам, родным усіх 20 асобаў, якія там знаходзяцца трэба трымацца разам. Мы не збіраемся займацца палітычнай дзейнасцю, мы проста хочам бароцца за вызваленне нашых родных: мужоў, сёстраў, братоў, дзяцей. Усе мы ведаем сваіх родных, чым яны жылі, чым займаліся. Мы ведаем, што яны не збіраліся рабіць пераварот у краіне ці захопліваць нешта. Нават, калі гэта быў супраціў ён быў мірны, пра гэта заўсёды казалася.
Грамадская ініцыятыва “Вызваленне” таксама плануе звярнуцца да Чырвонага крыжа, з тым, каб незалежныя эксперты гэтай арганізацыі правялі медыцынскае абследаванне палітычных зняволеных, што ўтрымліваюцца ў ізалятары КДБ.