|
|
Мікалаю Статкевічу, Андрэю Саннікаву і Паўлу Севярынцу прад’явілі абвінавачанне і падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да двух месяцаў.
Прад’явілі абвінавачанне і Уладзіміру Някляеву, алё яго родных і блізкіх зараз больш турбуе здароўе затрыманага лідара "Гавары праўду", чым тое, колькі ён яшчэ будзе знаходзіцца за кратамі.
Як адзначае жонка Уладзіміра Някляева – Вольга, яму пагражае інсульт:
– Невясёлая рэч у тым, што сёння гіпертанічны крыз быў ва Уладзіміра Пракопавіча – 220 на 160 гэта не яго ціск. У яго самы высокі, калі мы білі трывогу, гэта 180 верхні. Яго знайшоў сукамернік і выклікаў дапамогу – адвакат сказала, што ён ледзь гаварыў, калі сустрэлася з ім. Допыту не было, адвакат пакінула заяву, каб змяніць меру стрымання і гаспіталізаваць яго.
Чым мог быць выкліканы гэты гіпертанічны крыз?
– Першае – гэта збіццё, удар па галаве, другое – калі я яму лекі перадала, гэта ўжо тыдзень прайшоў, як ён не падтрымліваў імі ціск.
Гэтыя лекі для падтрымання ціску?
– Для падтрымання – гэтыя лекі ён кожны дзень выкарыстоўвае, яны прафілактычныя. Людзі, калі яны ўжо ва ўзросце, прымаюць іх для падтрымання ціску. Па-другое, я думаю, што гэтыя ўмовы, ізаляцыя – усё гэта разам скалалася. Будзем пісаць заявы, ён пакінуты там, утрымоўваецца ў тых жа ўмовах, што і быў. Гэта для мяне адказ, што яны хочуць яго дабіць і ўсё. Я думаю, што ён адказаў таксама, што проста дабіваюць. Другі такі гіпертанічны крыз, калі яго прапусціць, гэта інсульт. Ён прасіў першы раз перадаць яму танометр – у мяне пакуль што танометр ніхто не ўзяў, сёння не прынялі.