![]() |
![]() |
22.00. У Мінску выйшлі на волю затрыманыя 19 снежня і асуджаныя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Апошнімі выпускалі дзяўчат, якія адбывалі пакаранне ў раённым пастарунку міліцыі на вуліцы Францыска Скарыны.
Сярод затрыманых, журналістка тэлеканала "Белсат" Таццяна Бублікава, якая трымала ў турме галадоўку, а таксама шэраг знаных актывістаў.
Многія галадалі супраць умоваў утрымання, а таксама немагчымасці сустрэчы са сваімі адвакатамі. У прыватнасці ўсе дзесяць сутак галадоўку трымала давераная асоба экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага, Таццяна Шамбалава, таксама на волю выйшлі і актывісты іншых штабоў экс-кандыдатаў.
Варта адзначыць, што ў турмах застаюцца і іншыя затрыманыя. У прыватнасці трынаццаць сутак арышту атрымала прэс-сакратар Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская, якую, па словах сукамерніц, неаднаразова вадзілі на допыты адносна падзеяў на плошчы ў дзень выбараў.
У гэтыя хвіліны ўсе вызваленыя накіроўваюцца дахаты, многія з іх адразу змаглі сустрэцца са сваімі роднымі.
* * *
21.00. Каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна выходзяць на волю пасля 10-сутачнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 19 cнежня.
Іх сустракаюць сваякі, сябры, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадскасці. Людзей адпускаюць па адным з інтэрвалам прыкладна ў пяць хвілін, вызваленыя ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Многіх з іх сустракаюць на машынах, каб развезці па хатах.
Рух каля ізалятара рэгулююць супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Людзі ў цывільным увесь час спрабуюць адціснуць сустракаючых, а гэта каля 50 чалавек, ад уваходу ў цэнтр ізаляцыі.
Па дадзеных праваабаронцаў, сёння плануецца адпусціць каля 300 чалавек, асуджаных на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Акрамя Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў яны ўтрымліваліся ў ізалятары ў Жодзіне і ізалятары Мінскага раёна.
* * *
20.00. Насуперак заявам адміністрацыі ізалятара па вул. Францішка Скарыны, паведаміў наш карэспандэнт Барыс Гарэцкі, першую частку затрыманых дзяўчат адпусцілі некалькі хвілін таму.
Як і ў выпадку хлопцаў, іх пагрузілі ў міліцэйскія машыны ды ў суправаджэнні міліцыянтаў вывезлі ў раён станцыі метро "Усход", дзе і адпусцілі.
Дзяўчаты распавялі, што яны знаходзіліся ў вельмі кепскіх умовах, сядзелі ў вельмі нізкай тэмпературы і амаль без асвятлення. Штодзённа іх даводзілі на допыты, дзе дапытвалі па крымінальнай справе заведзенай па падзеях 19 снежня.
Зараз чарговую партыю затрыманых загружаюць у машыны і чакаецца, што іх таксама вывезуць у нейкае месца ў Мінску.
* * *
18.40. Па словах нашага карэспандэнта, які знаходзіцца ля сцен ізалятара часовага ўтрымання па вул. Францішка Скарыны ў Мінску – тут пакаранне адбываюць дзяўчаты – адміністрацыя гэтай установы паведаміла, што нікога не будзе вызваляць датэрмінова.
10-дзённы тэрмін затрымання дзяўчат заканчваецца каля 10 гадзін вечарам. Ля муроў ізалятара чакаюць журналісты, паплечнікі і родныя затрыманых.
Да Мінска набліжаюцца аўтазакі, у якіх вязуць затрыманых, якія сваё пакаранне адбывалі ў Жодзіне.
* * *
17.20. Цягам апошняй гадзіны з Акрэсціна выехалі тры аўтамабілі. Па словах нашага карэспандэнта Барыса Гарэцкага, у гэтых аўтазаках вывозяць зняволеных у розныя кропкі Мінска, каб не вызваляць затрыманых перад журналістамі і паплечнікамі, якія стаяць пад турмою.
Некаторыя з затрыманых ужо патэлеванавалі на ўправу БНФ і паведамілі, што такім менавіта чынам іх вызвалілі. Пад Акрэсціна працягваюць стаяць людзі. Сёння вызваляюць не толькі з гэтай турмы, але і з іншых месца, між іншага, з арышту па вул. Францішка Скарыны, дзе свой арышт адбывалі затрыманыя дзяўчаты. Там паведамілі, што выпускаць будуць не раней 10 гадзін вечара, там таксама стаяць актывісты.
Першыя і датэрміновыя вызваленні актывістаў былі заўважаны людзьмі, якія прыйшлі перадаць перадачы. Перад Акрэсціна, пачынаючы з 19 снежня не памяншаецца чарга тых, хто стаіць тут з перадачамі сваім родным і паплечнікам.
* * *
З турмы на Акрэсціна пачынаюць вызваляць першых затрыманых. Каля дваццаці чалавек з тых, хто быў арыштаваны ў часе разгону мірнай акцыі апазіцыі 19 снежня і асуджаны на 10 сутак арышту, адпусцілі.
Большасць затрыманых некалькі дзён утрымлівалася без ежы, актывістаў збівалі ды пакідалі на ноч у аўтазаках на моцным марозе, у выніку чаго многія захварэлі і мелі высокую тэмпературу.
Такімі сведчаннямі дзеляцца большасць вызваленых пасля дзесяцісуткавага арышту. Судовыя працэсы над маладзёнамі цягнуліся ў сярэднім 5-7 хвілін. А вырак ніякім чынам не залежаў ад таго, прызнае чалавек сябе вінаватым альбо не.
- Нас затрымлівалі каля Дому ўрада на плошчы: я апынуўся ў кальцы АМАПу і мяне затрымалі. Усіх пагрузілі ў аўтазакі, у якіх мы прасядзелі недзе да 6 гадзін раніцы, дзяўчын перасялілі крыху раней. Да самага вечара мы былі на першым паверсе ў СІЗА. Нас вазілі ў суд, а потым вярталі назад. А суды праходзілі вельмі проста, судзілі нават людзей, якія проста праходзілі міма. Са мной напрыклад сядзеў хлопец-журналіст – яго затрымалі ўвогуле на плошчы Перамогі. Але ўсё роўна ўсім пад капірку пісалі, што з 21.45 да 22.30, маўляў, знаходзіліся на плошчы Незалежнасці і прымалі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Па словах вызваленых з Акрэсціна, у першыя дні пасля арышту многім затрыманым спатрэбілася медычная дапамога, некаторыя нават былі шпіталізаваны. Разам з тым арыштаваныя на 10 і 15 сутак праз незалежныя выданні ўвесь час атрымлівалі інфармацыю пра працяг рэпрэсій пасля 19 снежня, таму многія прызнаюцца, што не спадзяваліся выйсці сёння на волю.
* * *
Па словах каардынатаркі Асамблеі няўрадавых арганізацый Алены Валынец, якая сочыць за падзеямі, пры выхадзе затрыманым перадалі паштоўкі з волі. Вызваленых сустракалі толькі сваякі вязняў, асуджаных на большыя тэрміны, якія прынеслі ў турму перадачы. Па словах Алены Валынец яшчэ некалькі аўтазакаў з затрыманымі выехалі з Акрэсціна ў невядомым кірунку.
- Людзей з Акрэсціна выпускаюць пачкамі: Некалькі аўтазакаў з’ехалі – адзін спыніўся ў двары Палаца правасуддзя. Невядома, што там адбываецца, але нашы людзі стаяць і сочаць. Адзін аўтазак мы ўпусцілі, ён з’ехаў у невядомым кірунку і магчыма людзей ужо недзе выпусцілі. Нашы людзі стаяць пад Акрэсціна і таксама мы абвясцілі мабілізацыю – шукаем людзей з машынамі, якія маглі б забіраць народ, бо таксоўкі адмаўляюцца туды пад’язджаць.
Агулам сёння маюць выпусціць каля 300 чалавек з розных турмаў, у тым ліку – з турмы на Акрэсціна, з Жодзінскай турмы, з ізалятара часовага ўтрымання Мінскага раёна.