![]() |
![]() |
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч прагназуе далейшы пераслед грамадскіх актывістаў, выключэнні з універсітэтаў і звальненні з працы пасля таго, як сёння з турмаў выпусцяць тых, каго асудзілі за ўдзел у акцыі 19 снежня.
У той жа час ён спадзяецца, што сёння для некаторых з тых хто знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ і праходзіць па справе арганізацыі масавых беспарадкаў, будзе зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе, як гэта адбылося ў дачыненні да Кастусёва і Уса.
Што датычыцца вобшукаў у офісе "Нашай нівы", кватэрах кандыдатаў у прэзідэнты Валянцін Стэфановіч адзначае, што наўрад ці гэта спроба знайсці дадатковыя факты для абвінавачання затрыманых:
– Тэарэтычна я магу зразумець логіку следства, калі яно праводзіць вобшукі па месцы жыхарства асобаў, якія з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе і знаходзяцца зараз у СІЗА. Але, чым растлумачыць вобшукі ў ПЭН-цэнтры і ў рэдакцыі "Нашай нівы", Еўрарадыё ды выклікі іншых журналістаў на допыты – я не ведаю. Я расцэньваю гэта як спробу запалохвання ўсёй нашай незалежнай беларускай грамадзянскай супольнасці, у шырокім сэнсе слова, незалежных журналістаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, праваабарончых і датычных да апазіцыі, стварэнне нервознасці ў краіне, атмасферы страху, што, маўляў, за ўсімі хтосьці прыйдзе...
Па падліках праваабаронцаў толькі сёння з турмаў павінны быць выпушчаны на волю каля трохсот чалавек, якіх прысудзілі да 10 сутак пазбаўлення волі. Большасць з астатніх будуць выпушчаны ўжо ў новым годзе.