![]() |
![]() |
Мікіта Красноў выехаў у Вільню праз Маскву і Пецярбург
Каардынатар ініцыятывы "Грамадзянін" і актывіст выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча – Мікіта Красноў, разам з некалькімі сябрамі знаходзіцца ў Літве.
Мікіта з’яўляецца студэнтам ЕГУ ў Вільні. Пасля таго, як у яго кватэры быў праведзены ператрус у сувязі з падазрэннем у арганізацыі “масавых беспарадкаў” 19 снежня ў Мінску, ён вырашыў выехаць з Беларусі. “Палітычнага прытулку прасіць не хачу, але хачу быць карысным для сваёй краіны і дапамагчы рэпрэсаваным, а гэтага я не змагу зрабіць з ізалятара часовага ўтрымання ў Жодзіна ці на Акрэсціна”, – кажа актывіст.
- Тых правакатараў, што білі вокны Дома ўрада нават не затрымлівалі. Сітуацыя ў Беларусі вельмі змянілася. Хаця я ўжо восем гадоў дзейнічаю ў апазіцыі, такіх рэпрэсій я ніколі не бачыў. Я не разумею, у якой краіне мы жывем у 2011 годзе. Я хацеў бы вельмі шмат зрабіць, але не змагу рэалізаваць тыя жаданні, якія ў мяне ёсць, знаходзячыся ў "амерыканцы".
Мікіта Красноў разам з сябрамі дабіраўся ў Вільню праз Маскву, Пецярбург, Эстонію. “Усюды нас сустракалі добрыя людзі, якія нам дапамагалі: гэта і моладзевыя арганізацыі ў Расіі і Эстоніі, а таксама праваабаронцы. Цяпер мы адчуваем сапраўдную салідарнасць людзей з рэпрэсаванымі беларусамі”, – кажа Мікіта Красноў.
Фота: belsat.eu