![]() |
![]() |
Р. Тышкевіч: Бясплатныя польскія візы адстаялі самі беларусы
Гэта пераломнае рашэнне, так пракаментаваў намеснік старшыні камісіі замежных справаў польскага Сейма Роберт Тышкевіч рашэнне польскіх улад адмяніць аплаты за візы для грамадзян Беларусі.
Гэта асабліва важнае рашэнне для нашага падляшскага рэгіёна, які заўсёды меў цесныя сувязі з Беларуссю, адзначае Роберт Тышкевіч:
– Гэта рашэнне – скіраванае на ізаляцыю рэжыму ды ў той жа час шырока адкрытае на беларускае грамадства. Гэта вельмі станоўчае і вельмі патрэбнае рашэнне. Гэта пераломнае рашэнне – я рады, што гэта Польшча, як першая еўрасаюзная краіна пайшла на гэты крок. З пункту погляду нашага рэгіёна, рашэнне гэтае напэўна паўплывае на ажыўленне гандлёвага абмену, памежнага гандлю ды паправіць адносіны паміж палякамі і беларусамі.
Дэпутат адзначыў, што бясплатныя візы для беларусаў адстаялі самі грамадзяне на плошчы. Роберт Тышкевіч дадаў, што ўжо 4 студзеня на пасяджэнні сеймавай камісіі замежных спраў будзе разгледжана сітуацыя ў Беларусі, а таксама магчымасць дапамогі рэпрэсаваным пасля падзеяў 19 снежня ў Беларусі.
* * *
Вядомы беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі, выказаў свае бачанне па рашэнню ўладаў Польшчы:
- Гэты крок з боку Польшчы, ён вельмі слушны і адлюстроўвае новую формулу стасункаў з Беларуссю ці палітыкі да нашай краіны, якая вядзецца большасцю краінаў Еўропы і сэнс якой палягае ў тым, што тут давядзецца ужыць тут выраз Пуціна: "Мухі каб асобна, катлеты каб асобна". Гэта значыць, што такія пунктавыя санкцыі будуць супраць тых, хто далучыўся да рэжыму і ў той жа час будзе больш вальней для большага грамадства. Вельмі гэта слушна і гэтае пытанне наспявала даўно, падзеі плошчы сталі каталізатарам. Раней, сам чуў неаднаразова, што многія палітыкі на Захадзе, у Еўропе казалі, што няхай для пачатку беларусы разбяруцца самі са сваёй дыктатурай, гэта не простая задача - разбірацца з дыктатурай.
* * *
Аляксандр Мілінкевіч:
– Гэта значная падзея, таму што размовы, просьбы беларускага боку вядуцца даўно. Мы вельмі не хацелі б, каб беларускае грамадства было аддзелена ад Еўрасаюза вялікаю сцяной. Пасля ўвядзення ў Польшчы шэнгенскіх візаў так і сталася – атрымаць візу цяжка, складаныя працэдуры, якія аднолькавыя для ўсіх краінаў Еўрапейскага саюза і каштуюць яны вельмі дорага, 60 еўра, для суседніх краін амаль у два разы менш. Для беларускага грамадства тут пэўная неспавядлівасць, бо грамадства не павінна несці цяжар за тое, што тут аўтарытаная сістэма.
Тое, што візы ў Польшчу будуць бясплатнымі – вельмі важны крок. Я лічу, што да гэтага трэба было б зрабіць і тое, каб гэтыя візы былі на любы тэрмін знаходжання ў Польшчы. Сёння польскія візы выдаюцца для тых, хто надоўга выязджае – стажыроўкі, на працу і калі маеш абгрунтаванне паўгадовага пабыту, дык польскую атрымаеш, а на іншыя паездкі – шэнгенскія візы...
* * *
Міністэрства замежных спраў Польшчы прыняла рашэнне, што з 1 студзеня 2011 года грамадзянам Беларусі будуць выдавацца польскія візы бясплатна.
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі:
– Нацыянальныя візы маюць даўжэйшы тэрмін, шэнгенскія візы даюць права на ўезд у шэнгенскую зону на тры месяцы. Нацыянальныя візы выдаюцца на даўжэйшы тэрмін, пры чым асоба, якая атрымае такую візу можа падарожнічаць не толькі па Польшчы, але і па іншых краінах шэнгенскай зоны тэрмінам да трох месяцаў.
Польскае МЗС засцерагае права не ўпускаць на тэрыторыю Польшчы асобаў, якія датычныя да рэпрэсіяў пасля 19 снежня. Уводзіцца гэта з мэтай паспрыяць еўрапейскім памкненням беларускага народу – адзначыў Марцін Босацкі.