Пінігін і Манаеў пакарылі тэатральную Варшаву

Бібліятэкар

Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
1.10.2010


У варшаўскім тэатры “Рампа” адбылася прэм’ера “Пінскай шляхты” паводле твору Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Варшаўская публіка надзвычай пазытыўна й цёпла ўспрыняла пастаноўку, дзякуючы акторам ды творчаму калектыву за працу бурлівымі апладысмэнтамі. 

Варшаўскую “Пінскую шляхту” можна назваць беларуска-польскім творам: у польскім тэатры спэктакль паставіў Мікалай Пінігін – творчы кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. У адной з галоўных роляў – асэсара Кручкова – зорка Купалаўскага тэатру Віктар Манаеў. Беларусы таксама працавалі над сцэнаграфіяй ды музыкай. П’еса пастаўлены на польскай мове, а твор пераклала прапрапраўнучка Вінцэнта Дуніна- Марцінкевіча. У спэктаклі гучалі таксама песьні, якія спэцыяльна для сцэны па просьбе Пінігіна напісаў Уладзімір Някляеў. У польскім спэктаклі музычныя творы прагучалі ў перакладзе Часлава Сэнюха – добра вядомага зь літаратурнай рубрыкі на нашых хвалях.

Ідучы на спэктакль, я крыху баяўся рэакцыі польскіх гледачоў: цікава, як яны ўспрымуць твор, які зьяўляецца адным з галоўных у беларускай драматургіі? Мае боязі зьнікнулі практычна з самага пачатку пастаноўкі, а асабліва тады, калі на сцэну выйшаў Віктар Манаеў. Ролю Кручкова ён выканаў проста бліскуча, геніяльна! І гэта пры тым, што прыйшлося іграць на польскай мове, якая для актора зьяўляецца абсалютна чужой! Манаеў іграў усім целам: мімікай, жэстамі, інтанацыяй, рухамі... Польскія акторы справіліся са сваёй задачай таксама добра, аднак “купалавец” выдзяляўся сваім талентам на сцэне. Адразу было бачна, што перад табою – майстар сцэнічнага мастацтва.

“Пінская шляхта” напісана ў палове 19-га стагодзьдзя. Мікалай Пінігін унёс у твор элемэнты сучаснасьці, напрыклад, сьветлавыя эфэкты ў канцовай сцэне, пасьля прагляду якіх проста дрыжыкі ідуць па целе. Пасьля спэктаклю мне ўдалося паразмаўляць з Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Пінігіным. У Пінігіна я запытаў, ці беларуская публіка нечым адрозьніваецца ад польскай?

М. Пінігін: Можа нашая больш непасрэдная... Але гэта залежыць ад спэктакля, а ня толькі ад публікі. Мне здаецца, што ў Польшчы гэтая тэма ўжо адпрацаваная, а ў нас для некаторых гэта зьяўляецца адкрыцьцём, што была супольная гісторыя.

Вы сядзелі ў зале, сачылі за спэктаклем у польскім тэатры: беларускі рэжысэр, вядомы беларускі актор на сцэне... Што Вы адчувалі?

У. Някляеў: Я адчуваў, не пабаюся гэтага слова, гонар за талент Пінігіна, за талент актораў, якія тут адпрацавалі на вельмі высокім узроўні. А таксама за тое, што рэжысэр прачытаў у Дуніна-Марцінкевіча. Тут ёсьць сходныя сюжэтныя лініі з тым жа “Рэвізорам” Гогаля. Што там адбываецца? Там таксама прыязджае чыноўнік і пачынае муштраваць. Дык тыя гатовы аддаць апошняе – сумленьне, гонар, усё, дзеля таго, каб засталося ў іх барахло. Тут зьява зусім адваротная! Яны кажуць “забірай, усё забірай”! І дзеля чаго яны гэта робяць? Каб захаваць гонар! Вось у чым розьніца – розьніца ў сьветапоглядзе.

Перад спэктаклем Вы не баяліся, што палякі могуць яго не зразумець – усё ж такі твор Дуніна-Марцінкевіча зьяўляецца спэцыфічна беларускім?

М. Пінігін: Я тут ня бачу беларускай спэцыфікі. Дунін-Марцінкевіч напісаў “Пінскую шляхту” пасьля паўстаньня 1863 году, ён сам у ім прымаў удзел, сядзеў у турме. Гэта неразьдзельнае ў сьвядомасьці літвіноў і палякаў.    

Я вельмі хацеў узяць інтэрвію ў Віктара Манаева, але, на жаль, пасьля спэктаклю майстар недзе зьнік.

Ужо пасьля завяршэньня пастаноўкі я стаў сьведкам вельмі пазытыўных сцэнаў: беларускія й польскія акторы ды людзі, якія працавалі над спэктаклем, у тым ліку Пінігін і Манаеў, абнімаліся, цалаваліся, радаваліся, што прэм’ера ўдалася. Усе былі шчасьлівыя й задаволеныя, што “Піснкую шляхту” – сумесны праект – глядач успрыняў вельмі цёпла. Зь іншага боку, дзякуючы спэктаклю Беларусь удалося паказаць у іншым сьвятле, а не ў кантэксьце палітыкі, як гэта часта бывае ў Польшчы. Думаю, што мастацтва Пінігіна й Манаева каардынальна памяняла меркаваньне пра Беларусь у некаторых палякаў, якія былі на “Пінскай шляхце”.

Дарэчы, гаворыцца, што Мікалай Пінігін хоча паставіць у Менску “Пана Тадэвуша” паводле Адама Міцкевіча ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё На здымку рэжысёр М.Пінігін. Фота: ibelarus.net