Мілінкевіч чакае ад Еўрапарламента жорсткай рэзалюцыі

Мілінкевіч чакае ад Еўрапарламента жорсткай рэзалюцыі


Лідар руху за свабоду Аляксандр Мілінкевіч запрошаны на сумеснае пасяджэнне камісіі замежных спраў Еўрапарламента, а таксама дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю і парламенцкага прадстаўніцтва Еўранеста.

На супольным пасяджэнні дэпутаты хочуць даведацца пра падзеі ў Беларусі як у час выбарчай кампаніі, так і ў дзень выбараў на плошчы, а таксама пра хвалю рэпрэсіяў, якая захапіла краіну ў апошні час. Таксама на пасяджанні будуць выпрацаваны асновы рэзалюцыі ў справе Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што рэзалюцыя павінна быць жорсткай у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі:

– Еўрасаюз не мае права працягваць дыпламатычныя стасункі з беларускім рэжымам у такой сітуацыі. Умовай дыпламатычных размоваў на дзяржаўным узроўні павінна быць вызваленне палітвязняў. Гэта першая ўмова і я думаю, што большасць прытрымліваецца менавіта такой пазіцыі. Не выключана, што кандыдаты, якія цяпер сядзяць у турме, будуць выкарыстоўвацца менавіта з мэтай паступова дамагчыся саступак ад Еўрасаюза. Я лічу, што Еўрасаюз не павінны саступаць – усе павінны быць вызвалены.

Рэзалюцыя ў справе Беларусі можа быць разгледжана на першай студзеньскай сесіі Еўрапарламента, якая пройдзе ў Страсбургу пасля 20 студзеня.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя