Захавайце Каложу ў цяперашнім кшталце!

Бібліятэкар

Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
6.10.2010


Надоечы ў Горадні прайшлі грамадзкія слуханьні “Рэканструкцыя Каложы: за й супраць”. Удзельнікі сустрэчы зьвярнуліся да Мэтадычна–навуковай рады Міністэрства культуры (воргану, які адказвае за захаваньне культурніцкай спадчыны ў Беларусі) з просьбай захаваць Барысаглебскую царкву XІІ стагодзьдзя ў цяперашнім выглядзе.

Як расказвае адзін з падпісантаў звароту краязнаўца Андрэй Вашкевіч, гісторыкі, архітэктары, археолягі – навукоўцы, якія дасьледавалі Каложу, моцна сумняюцца ў шэрагу пэрспэктываў, якія ўлады абяцалі для Каложы. Яны згадзіліся, што распрацоўваць нейкі будаўнічы праект на сёньняшні дзень рана. Спачатку трэба захаваць тое, што ёсьць, і правесьці грунтоўныя дасьледаваньні.

Андрэй Вашкевіч: Па-першае, факт, што ўлада на сёньняшні момант дэкляруе неабходнасьць распрацоўкі будаўнічага праекта другой паловы Каложы, а значыць аднаўленьне драўлянай часткі будынку з цэглы. Гэта выклікае шмат засьцярогаў. Першае, на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў не было абсалютна ніякіх дасьледаваньняў, зьвязаных са станам Каложскай гары. Каложа стаіць на самым схіле Нёмана й ёсьць  вельмі вялікая небясьпека, што любыя працы, якія там будуць праводзіцца, зашкодзяць той аўтэнтычнай частцы, якая яшчэ засталася. Другое, гэта сам праект, распрацаваны дзеля аднаўленьня, што Каложа аднаўляецца ў бізантыйскім стылі. Каложа была помнікам усходнеславянскай архітэктуры, але гарадзенская архітэктурная школа настолькі ўжо ўнікальная, што ніхто ня ведае, як яна на самой справе выглядала, ці, напрыклад, мела зь верху нейкі купал і г.д. Ніхто гэтага ня ведае, але ўлады хочуць усё ж аднаўляць менавіта так. Далей, Каложа гэта помнік ня толькі XІІ, але таксама XVI стагодзьдзяў – проста помнік эвалюцыі архітэктуры.

Гаворка ідзе пра тое, што, як паясьняе Андрэй Вашкевіч, ідэя рэканструкцыі пярэчыць актуальным кансэрватарскім тэндэнцыям, якія імкнуцца да захаваньня таго, што засталося ў цяперашнім стане. А ўлады хочуць нават не рэканструяваць, а проста адбудаваць Каложу ў невядома якім стылі.

Андрэй Вашкевіч: Для нас і гісторыкаў гэта дзіўна, чаму гаворка ідзе пра адбудову Каложы. Таму, што Каложа на сёньняшні момант поўнасьцю спраўляецца з тымі функцыямі, якія на яе ўсклалі: як турыстычнага аб’екту, так і храму. Там адбываюцца службы, вянчаньні, прыязджаюць масы турыстаў. Гэта храм, які дзейнічае й ніякай яўнай патрэбы на сёньня, зараз, тэрмінова займацца рэканструкцыяй царквы няма.Трэба дасьледаваць.

Таму гарадзенцы прапануць закансэрваваць старажытны помнік у сёньняшнім выглядзе і ўзгадніць існуючы плян рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац са спэцыялістамі зь ЮНЭСКА.

Адзін з удзельнікаў слуханьняў і падпісантаў заявы да міністра культуры доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук нагадае, што гарадзенская Каложа, гэта ўнікальны будынак ня толькі ў маштабе Беларусі, але ўсёй Усходняй Эўропы.

Алесь Смалянчук: Каложа - гэта царква XІІ стагодзьдзя. Яна была пабудаваная ў 1185 годзе. Яна перажыла шмат розных часоў: у 1853 годзе абваліўся бераг ракі й частка Каложы абарвалася ў Нёман. У канцы XІX стагодзьдзя тую частку, якая абвалілася, адбудавалі з дрэва. Гэта вельмі важны аб’ект, бо ж з XІІ стагодзьдзя ў Беларусі засталося толькі два помнікі: гарадзенская Барысаглебская царква, якая захавалася часткова, і Спаская царква ў Полацку. Таму гэта вельмі важныя помнікі для гістарычнай памяці Беларусі. Ну, а Каложская царква, гэта помнік гарадзенскай архітэктурнай школы, якая абавязвала да XV стагодзьдзя. Гэта адметны будаўнічы стыль, якога прыклад захаваўся толькі ў выпадку гарадзенскай Каложы. Апрача таго, Каложа стала сымбалем і старажытнай беларускай гісторыі – сымбалем Горадні. 

Каложа даўжэйшы час была зачыненая. Пазьней яна належала Гісторыка-археалягічнаму музэю ў Горадні, але ўжо на працягу апошніх 20 гадоў згаданы храм дзейнічае й належыць Беларускай праваслаўнай царкве. Гэта менавіта па ініцыятыве Праваслаўнай царквы, у тым ліку епіскапа Гарадзенскага й Ваўкавыскага Арцемія, ды пры падтрымцы мясцовых уладаў узьнік плян рэканструкцыі помніка.

Ці арганізатары слуханьняў спадзяюцца, што заява дасьць нейкія вынікі? – пакуль ім зaсталося чакаць адказу Міністэрства культуры.

Алесь Смалянчук: Водгук напэўна будзе, таму што згодна з законам, яны маюць месяць на адказ. Але наколькі гэта будзе эфэктыўна – ня ведаю. Мы робім тое, што можам рабіць. Дарэчы, на нашыя слуханьні мы запрашалі прадстаўнікоў духавенства і ўлады. Але ўлады на сустрэчы прадстаўлялі два кадэбісты. Так што тут надзея невялікая, але, зь іншага боку, трэба зразумець, што ўлады таксама трапілі ў нейкую небясьпечную сытуацыю, паколькі Каложа - гэта месца, за якое баліць душа шматкікіх гарадзенцаў. І нават на гэтых слуханьнях былі такія галасы, каб ісьці спыняць экскаватары і г.д.

Паводле доктара Алеся Смалянчука, справа Каложы - гэта адзін з прыкладаў абсалютна зьнішчальных дзеяньняў, якія ў Горадні праходзяць.

Алесь Смалянчук: Горадня, гэта ўнікальны горад, а рэканструкцыя, якую пачалі гарадзкія ўлады яшчэ ў 2005 годзе, гэта на самой справе зьнішчэньне гэтага гораду-музэя, у якім мы яшчэ жывем. Тут адсутнічаюць нейкія конкурсы праектаў, а рэканструкцыяй займаюцца будаўнічыя прадпрыемствы, якія гэтага рабіць ня ўмеюць. Адсутнічае належны кантроль, не праводзяцца археалягічныя раскопкі. Тут шмат парушэньняў, пра якія мы звычайна паведамляем. Мы нават рабілі фотаздымкі й адпраўлялі гэта ў Генпракуратуру Рэспублікі Беларусь – вынікі нязначныя. Але такім чынам адбываецца па ўсёй Беларусі. Тут волю дыктуюць грошы й чыноўнікі.

- лічыць доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Апрача яго й краязнаўцы Андрэя Вашкевіча зварот падпісалі таксама  гісторык Алесь Краўцэвіч і старшыня гарадзенскага Таварыства беларускай школы Тацьцяна Канопкіна.

Тэкст звароту складзены па выніках грамадзкай дыскусіі пра рэканструкцыю Каложы, якая прайшла 23-га верасьня ў Горадні.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё