Вобшук на кватэры супрацоўніцы тэлеканала "Белсат"

Вобшук на кватэры супрацоўніцы тэлеканала "Белсат"


У кватэры супрацоўніцы тэлеканала "Белсат" Кацярыны Ткачэнкі супрацоўнікі КДБ правялі вобшук – канфіскавалі касеты і кампакт-дыскі з фільмамі ды ноўтбук.

Пра гэта паведаміла нам Кацярына Ткачэнка:

– Патэлефанавалі і сказалі, што мусяць пазнаёміць з нейкім дакументам, прадставіліся, што яны з КДБ. Я адказала, што так, але толькі з позвай. Яны кажуць, што нашы людзі выехалі, каб вырашыць з позвай. У мяне скончылася зарадка на тэлефоне і я падалася дахаты падзарадзіць тэлефон. Яны стаялі пад дзвярыма ў іх была пастанова на вобшук, што тут зробіш...

* * *

У кватэру супрацоўніцы тэлеканалу "Белсат" Кацярыны Ткачэнкі каля 20.30 паводле беларускага часу ўзламаліся невядомыя.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар "Белсата" Сяргей Пеляса:

– Сёння ўвечары мы атрымалі інфармацыю, што невядомыя спрабуюць трапіць у кватэру, якую здымае супрацоўніца "Белсата" Кацярына Ткачэнка. Калі пачаўся гэты напад на яе кватэру, сувязь з ёю перарвалася. Нам вядома, што за некалькі гадзінаў да гэтага нападу Кацярыну выклікалі на 31 снежня ў КДБ. Пакуль гэта ўсё, што нам вядома...

Кацярына Ткачэнка адмовілася ісці на допыт КДБ, спаслаўшыся на адсутнасць афіцыйнай позвы. Калі позва такая будзе, яна пойдзе на допыт разам з адвакатам, сказала Кацярына Ткачэнка.

Кацярына Ткачэнка актыўна ўдзельнічала ў асвятленні выбарчай кампаніі ў Беларусі ды падзей, якія адбыліся пасля гэтай кампаніі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя