З Рымашэўскім сустрэўся адвакат

З Рымашэўскім сустрэўся адвакат


Віталь Рымашэўскі не скардзіцца на здароўе і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ у камеры з двума падазраванымі па іншых справах.

З кандыдатам у прэзідэнты сустрэўся ягоны адвакат, а таксама прыняў удзел у допыце аднаго з ужо 25-ці падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў. Паводле Алега Працэнкі сустаршыня аргкамітэту БХД паінфармаваны адносна затрымання сваіх паплечнікаў, а таксама шырокага размаху рэпрэсій супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

- Пакуль праводзіцца звычайнае папярэдняе расследаванне, абвінавачванні яшчэ не прад’яўленыя. На гэтым тыдні гэтае пытанне павінна быць вырашана. Вінаватым у злачынстве ён сябе не лічыць, праблем са здароў’ем няма. На ўмовы ўтрымання таксама не скардзіўся, так што ў гэтым плане ўсё добра. У СІЗА КДБ сядзяць па два, максімум тры чалавекі ў камеры.

Да 30 снежня следства павінна прад'явіць арыштаваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня афіцыйнае абвінавачванне альбо адпусціць іх.

Следчыя правялі пакуль па адным допыце кандыдатаў на прэзідэнта і іх паплечнікаў, а сустрэчы арыштаваных з адвакатамі ўсяляк абмяжоўваюцца. Таксама стала вядома, што ў сераду а 9-й раніцы павінна адбыцца судовае пасяджэнне, на якім будуць разглядацца скаргі адвакатаў усіх затрыманых у КДБ, звязаныя са змяненнем меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Адвакат Рымашэўскага таксама падаў скаргу на змяненне меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. Ён упэўнены, што падпіскі аб нявыездзе будзе цалкам дастаткова для працягнення расследавання.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя